На Віцебшчыне дзяцей вучаць нацыянальнай самасвядомасці ды экалогіі


Навучальныя ўстановы Віцебскай вобласці рэалізоўваюць амаль 70 інавацыйных праектаў. Са словаў працаўніцы аддзелу інавацыйнага развіцця ўстановаў адукацыі Віцебскага абласнога інстытуту развіцця адукацыі Любові Віленчык, праца ахоплівае сістэму дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі. “Мы рэалізоўваем доўгатэрміновыя праекты “Этнашкола” і “Этнасадок”, – кажа яна. – У школах у Наваполацку, Браслаўскім, Лёзненскім, Полацкім ды іншых раёнах асаблівая ўвага надаецца вывучэнню фальклору, традыцыйным рамёствам. Настаўнікі спрабуюць сфармаваць з вучняў людзей з высокім узроўнем нацыянальнай самасвядомасці”.

Праграмы грунтуюцца на вывучэнні гісторыі Беларусі, біяграфіі нацыянальных герояў, а таксама на дэталёвым вывучэнні рамёстваў і традыцыяў канкрэтнага рэгіёну. Паводле адмыслоўцаў, гэта дазволіць школьнікам зразумець і адчуць, у чым унікальнасць іхнага раёну ў краіне.

Другі кірунак – экалагічная адукацыя. Яна развіваецца ў Мёрскім, Сенненскім і Віцебскім раёнах. У тамтэйшых школах надаюць павышаную ўвагу культуры энерга- і рэсурсаашчаджэння. “Экалагічныя школы надзвычай папулярныя ў Еўропе, – кажа эколаг Вольга Астаповіч. – Толькі там пад гэтаю назваю звычайна разумеюць школы, якія канструктыўна з’яўляюцца ашчаджальнымі, напрыклад, выкарыстоўваюць сонечную энергію і з’яўляюцца надзвычай выгаднымі ў эксплуатацыі”.

belsat.eu

Стужка навінаў