Партыя БНФ супраць Беларусі ў Еўразійскім саюзе


У прынятай партыяй адмысловай заяве адзначаецца, што “авантурная і эканамічна непісьменная палітыка ўладаў прывяла да зневажальнай здачы часткі нацыянальнага, палітычнага і эканамічнага суверэнітэту на карысць гэтак званых наднацыянальных інтэграцыйных органаў, якія цалкам кантралююцца Расеяй”.

Партыя БНФ пачынае бестэрміновую кампанію супраць уваходжання Беларусі ў Еўразійскі эканамічны саюз. Пра гэта было заяўлена 19 лістапада ў Менску на сойме арганізацыі. “Таксама партыя выступае супраць удзелу Беларусі ў такіх аб’яднаннях, як Саюзная дзяржава Беларусі і Расеі, АДКБ, ЕўрАзЭС, Мытны саюз, бо яны супярэчаць нацыянальным інтарэсам Беларусі”, –— заявіў лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

“Далейшае паглыбленне інтэграцыйных працэсаў, прадугледжанае падпісанымі 18 лістапада дакументамі, пагражае поўным знішчэннем незалежнасці нашай дзяржавы, растварэннем Беларусі ў будучым Еўразійскім саюзе, які ў заявах часткі расейскай палітычнай эліты расцэньваецца не інакш як “вялікая дзяржава рускага народу”, – гаворыцца ў заяве.

Партыя БНФ лічыць, што ўваходжанне Беларусі ў Мытны саюз з Расеяй і Казахстанам стала адным з галоўных складнікаў комплекснага сацыяльна-эканамічнага крызісу і масавага збяднення грамадзянаў у 2011 годзе. “Уваходжанне з 1 студзеня 2012 года ў Адзіную эканамічную прастору з гэтымі ж дзяржавамі непазбежна выклікае далейшае пагаршэнне эканамічнага і сацыяльнага становішча, смерць нацыянальнага бізнесу і дэіндустрыялізацыю краіны”, – адзначаецца ў заяве.

Акрамя таго, ПБНФ упэўненая, што ўдзел Беларусі ў еўразійскай інтэграцыі адмоўна паўплывае на перспектывы інтэграцыі краіны ў сусветную эканамічную і палітычную прастору, а таксама абмяжуе магчымасці яе ўдзелу ў агульнаеўрапейскіх праектах, такіх, як “Усходняе партнёрства”, што супярэчыць нацыянальным інтарэсам краіны.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары