Інтэграцыя дзеля інтэграцыі?


“У мяне такое ўражанне, што і чыноўнікі, якія працуюць, да прыкладу, у ЕўрАзЭС, Саюзнай дзяржаве, самы́я ўжо не разумеюць, што ім рабіць: што – галоўнае, а што – другаснае”, – заявіў кіраўнік аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка ў інтэрв’ю тэлеканалу “Белсат”.

Беларусь уваходзіць у Садружнасць Незалежных Дзяржаваў, у Саюзную дзяржаву з Расеяй, у Мытны саюз, краіна падпісала дакумент аб утварэнні Еўразійскага эканамічнага саюзу. “Беларусь трапіла ў паласу аб’яднаўчых тэндэнцыяў. Гэта кепска, бо ЕўрАзЭС, СНД, Мытны саюз, мадэль Еўразійскага эканамічнага саюзу – гэта беспаспяховыя спробы чыноўнікаў Расеі, Казахстану і Беларусі стварыць больш-менш разумную схему інтэграцыі або кааперацыі розных эканомік”, – мяркуе Леанід Заіка.

18 лістапада прэзідэнты Расеі, Беларусі ды Казахстану падпісалі ў Маскве дэкларацыю аб еўразійскай эканамічнай інтэграцыі. У дэкларацыі заяўляецца пра імкненне бакоў да 1 студзеня 2015 г. скончыць кадыфікацыю міжнародных дамоваў, якія складаюць нарматыўна-прававую базу Мытнага саюзу і Адзінай эканамічнай прасторы ды стварыць на гэтай аснове Еўразійскі эканамічны саюз, адкрыты для далучэння іншых дзяржаваў. Леанід Заіка папярэджвае, што не варта пераацэньваць магчымага эканамічнага зыску ад інтэграцыі. “Мне вядомы пункт гледжання экспертаў Назарбаева, яны гавораць пра 10 % прыросту ВУП, але насамрэч інтэграцыйныя блокі звычайна даюць 2 %, максімум 3 % прыросту ВУП штогод як вынік аб’ядання эканомік”, – падкрэсліў эканаміст.

belsat.eu

Стужка навінаў