“Сбербанк” дае мільярд


Расейскі “Сбербанк” і Еўразійскі банк развіцця (ЕАБР) падпісалі дамову аб выдзяленні крэдыту ААТ “Беларуськалій” на 1 млрд долараў.

“Сбербанк” дае “Беларуськалію” крэдыт пад заклад аднаго з найбуйнейшых беларускіх прадпрыемстваў”, – паведаміў старшыня праўлення банку Герман Грэф, адказваючы на пытанні журналістаў. Ён не сказаў, акцыі якога менавіта прадпрыемства выступілі ў якасці закладу.

“Угода падпісваецца пад баланс “Беларуськалію” – прадпрыемства, якое не выклікае ў нас пытанняў з гледзішча наяўнага фінансавага стану і здольнасці абслугоўваць ды вяртаць крэдыт, – сказаў Грэф. – Закладным забеспячэннем выступаюць гарантыі беларускага ўраду і пакет акцыяў адной з найбуйнейшых беларускіх кампаніяў”.

Адказваючы на пытанне, ці будуць крэдытныя рэсурсы залічаныя ў склад золата-валютных рэзерваў Беларусі, Грэф адзначыў: “Гэта пытанне больш да беларускага боку. Мы даем крэдыт кампаніі на цяперашнюю дзейнасць”.

Подпісы ў дамове паставілі Герман Грэф, старшыня праўлення ЕАБР Ігар Фінагенаў і генеральны дырэктар “Беларуськалію” Валерый Кірыенка. На падпісанні прысутнічалі прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч і амбасадар Расеі ў Менску Аляксандр Сурыкаў.

У верасні віцэ-прэм’ер Беларусі Сяргей Румас заявіў, што “Сбербанк” можа выдаць краіне крэдыт пад заклад 51 адсотка акцыяў ААТ “Нафтан”. Раней Менск планаваў прыцягнуць сіндыкаваны крэдыт, удзельнікам якога, акрамя “Сбербанку”, меўся выступіць “Deutsche Bank”, аднак нямецкі бок адмовіўся ад удзелу ва ўгодзе.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары