Анджэя Пачобута ўзнагародзілі прэміяй імя Анджэя Вайцехоўскага


Прэмію прысуджаюць кіраўнікі найбуйнейшых польскіх медыяў за журналісцкі матэрыял, які істотна паўплываў на свядомасць палякаў. Беларускі журналіст, карэспандэнт польскага выдання “Gazeta Wyborcza”, атрымаў яе за серыю артыкулаў, прысвечаных прэзідэнцкім выбарам і рэпрэсіям супраць апазіцыі.

“Хоць я паводле нацыянальнасці паляк, аднак жыву і працую ў Беларусі, таму я фактычна беларускі журналіст. У маёй асобе ўзнагародзілі ўсіх беларускіх журналістаў, што сумленна і самааддана працуюць ва ўмовах дыктатуры”, – пракаментаваў “Белсату” атрыманне ўзнагароды Андрэй Пачобут.

Паводле журналіста, Польшчы заўсёды было цікава тое, што адбываецца ў Беларусі. “Салідарнасць з беларускімі палітвязнямі ды рэпрэсаванымі ў польскім грамадстве велізарная. Палякі самі яшчэ зусім нядаўна змагаліся за свабоду, незалежнасць і дэмакратыю, таму падзеі ў Беларусі выклікаюць у іх такі жывы водгук”, – зазначае Андрэй Пачобут.

Журналіст асуджаны на 3 гады ўмоўна за “паклёп на прэзідэнта”, таму асабіста прысутнічаць на цырымоніі не мог. Прэмію атрымала ягоная жонка Аксана Пачобут. Зала вітала ўганараванне беларускага журналіста стоячы. На цырымоніі прысутнічалі кіраўнік польскага Міністэрства замежных справаў Радослаў Сікорскі, былы прэзідэнт Польшчы Аляксандр Кваснеўскі, вядомыя польскія журналісты, палітыкі ды грамадскія дзеячы.

belsat.eu

Стужка навінаў