Нясвіж залівае вадою


Прычына – парушаны ўзровень вады ў вадаёмах.

Апошнія два-тры гады ў Нясвіжы абвастрылася праблема заваднення. Найбольшыя праблемы ў заходняй частцы гораду – неаднаразова тут залівала вадою сутарэнні, першыя паверхі дамоў.

Мэр гораду Іван Крупко тлумачыць гэта тым, што Нясвіж стаіць на досыць багністай глебе, а таму вырашаць праблему будуць праз расчышчэнне каналаў.

“Праект патрабуе значных грошай. Плануецца, што з бюджэту гораду выдаткуем 90 млн руб., яшчэ 300 млн – чакаем дапамогі з вобласці”, – кажа чыноўнік.

Нясвіжцы моцна спадзяюцца на новага мэра, які прыйшоў на пасаду год таму. Раней Іван Крупко працаваў у сельскагаспадарчай галіне. За час працы старшынём райвыканкаму ініцыяваў некалькі буйных інвестыцыйных праектаў, сярод іх – аднаўленне парку Альба, дзе любілі бываць Радзівілы. Ужо знойдзены інвестар, якому дадуць 10 га зямлі, на якіх з’явяцца турыстычныя аб’екты.

Менш за месяц застаецца да адкрыцця 27 залаў у Палацава-паркавым комплексе. Да 10 снежня ў горадзе маюць з’явіцца новыя рэстарацыі, крамы з сувенірамі. Што да рэстаўрацыі палацу, то, паводле старшыні Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі ды культуры Антона Астаповіча, яна выклікае шмат пытанняў.

“Аднак паколькі аднаўленчыя працы ідуць пад пільным наглядам экспертаў з ЮНЭСКО, і яны вялікіх хібаў не заўважаюць, можна спадзявацца на якаснае выкананне працаў”, – заявіў Астаповіч.

belsat.eu

Стужка навінаў