Купіць гатовую кватэру танней, чымся пабудаваць новую


За дзесяць сёлетніх месяцаў у Менску падпісалі на 17 % больш угодаў куплі-продажу кватэраў, чымся летась.

Падзенне беларускага рубля прывяло рынак нерухомасці да стратаў і няпэўнасці, а колькасць угодаў з кватэрамі зменшылася да 40–50 на месяц. Але калі на першасным рынку жытла шматлікія забудоўнікі прыпынілі падпісанне дамоваў долевага будаўніцтва, то на другасным рынку валютнае “абвастрэнне” адбілася ў меншай ступені. Прадаўцы гатовыя да дыялогу і пошуку альтэрнатываў, таму купляць цяпер больш выгадна, чым будаваць.

Эксперты кажуць, што пасля вызначэння адзінага курсу рынак нерухомасці пачынае ажываць. Апошнім часам вырос попыт на адна- і двухпакаёвыя кватэры. І гэта зразумела – з ростам камунальных плацяжоў прывабнасць жытла большай плошчы падае. “Двухпакаёвых кватэраў купілі на 15 % больш, чымся летась, аднапакаёвых – на 17 %”, – паведамляюць у агенцтве нерухомасці “Твая сталіца”.

Што да коштаў, то, паводле намесніка генеральнага дырэктара ТАА “Цэнтр гандлю нерухомасцю “Пакадан” Аляксандра Уркевіча, на другасным рынку жытла ў Менску добраўпарадкаваныя аднапакаёўкі каштуюць ад $ 14 000 да $ 23 000, двухпакаёвыя – ад $ 20 000 да $ 35 000, трохпакаёвыя – ад $ 26 000 да $ 40 000. “Кошты на новабудоўлі ўвесь час змяняюцца. У сярэднім квадратны метр сёння каштуе $ 1100–1300, але з-за дэфіцыту сродкаў і працоўнай сілы будаўніцтва некаторых дамоў замарожваецца”, – дадаў ён.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары