У Менску памаліліся за загінулых у ДТЗ


18 лістапада ў межах Тыдня памяці ахвяраў дарожна-транспартных здарэнняў, які праходзіць з 15 да 20 лістапада, працаўнікі Дзяржаўтаінспекцыі Партызанскага раёну Менску супольна з праваслаўным святаром правялі акцыю “Згадай пра загінулых”.

Падчас акцыі айцец Сергій са Свята-Духава кафедральнага сабору Менску асвяціў тыя ўчасткі дарогаў раёну, дзе ў выніку аварыяў загінулі людзі, і памаліўся за іхныя душы. Акрамя таго, ён акрапіў святою вадою будынак Дзяржаўтаінспекцыі Партызанскага раёну.

Акцыя стартавала на вуліцы Ваўпшасава, 42. “Мы выбралі гэты ўчастак, бо сёлета тут адбыліся два здарэнні ды загінулі людзі”, – кажа старшы інспектар агітацыі ды прапаганды ДАІ Партызанскага раёну Таццяна Таралёнак.

Сусветны дзень памяці ахвяраў дарожна-транспартных здарэнняў, які штогод адзначаецца кожную трэцюю нядзелю лістапада, быў заснаваны Генеральнаю асамблеяю ААН у кастрычніку 2005 г., каб ушанаваць памяць ахвяраў аўтамабільных аварыяў і выказаць спачуванне іхным сваякам, а таксама каб прыцягнуць увагу грамадскасці да захадаў, што могуць папярэдзіць аварыі.

Штогод у выніку дарожна-транспартных здарэнняў гіне каля 1,3 млн чалавек, і яшчэ 50 млн атрымліваюць траўмы і становяцца інвалідамі. Дарожна-транспартныя здарэнні – першая паводле значнасці прычына смерці маладых людзей ва ўзросце 10–24 гадоў.

У Менску ад студзеня да кастрычніка гэтага года адбыліся 762 здарэнні на дарогах з пацярпелымі, у якіх 55 чалавек загінулі, а 857 атрымалі цялесныя пашкоджанні. Для параўнання – за аналагічны перыяд летась у сталіцы загінулі 58 чалавек і 923 атрымалі траўмы.

belsat.eu
https://youtu.be/_UF3KUKIMVA

Глядзі таксама
Каментары