Апошняе інтэрв’ю Івана Нікітчанкі: «Чыстых» земляў у нас практычна няма


“Медыкі канстатуюць: нацыя хворая. Асабліва дзеці. Калі да Чарнобыльскай катастрофы з 10 дзяцей толькі два былі хворыя, то цяпер – наадварот, 8 з 10 хворыя. Толькі два адносна здаровыя”, – заявіў прафесар Іван Нікітчанка “Белсату” ў сваім апошнім інтэрв’ю.

Іван Нікітчанка, навуковец і грамадскі дзеяч, быў упэўнены, што ўлады Беларусі хаваюць ад насельніцтва сапраўдны маштаб наступстваў аварыі на ЧАЭС – ступень уздзеяння на здароўе кожнага чалавека і ўзровень забруджанасці зямлі, прадуктаў харчавання. “Інфармацыя хаваецца, засакрэчваецца, людзей “абалваньваюць” і яны пра гэта проста не думаюць, бо не ведаюць, што калі напаткала хвароба, тут можа быць вінаватая радыяцыя. Ім не кажуць, медыкам забараняюць пра гэта казаць”, – заявіў Іван Нікітчанка.

У інтэрв’ю нашаму тэлеканалу навуковец распавёў, што асаблівую небяспеку для беларусаў уяўляе цэзій, які ў арганізме чалавека падмяняе калій. “А калій – гэта асноўны элемент у цяглічнай тканцы, у тым ліку сэрцавай цягліцы. Знаходзячыся ў клетцы, цэзій уступае ў абмен, адбываецца ягоны распад і ён паражае суседнія клеткі, у выніку выбіваючы звёны ў малекулах бялку. Бялок дэнатурызуецца і не можа выступаць у якасці абаронцы арганізму. Цярпіць імунная сістэма арганізму”.

Паводле Івана Нікітчанкі, ад шкоднага ўплыву радыяцыі ў Беларусі не застрахаваны ніхто. “Я ў 2008–2009 гг. выбарачна праверыў людзей у 24 рэгіёнах Беларусі. Гэта і рэгіёны, што лічацца ў нас абсалютна “чыстымі”, і забруджаныя. Натуральна, у забруджаных зонах радыяцыя ёсць. Але ў Менску кожны трэці ёсць носьбітам хранічнай дозы радыяцыі. Толькі ў двух гарадах – Бабруйску і Горках – два з трох. У іншых усе 100% абследаваных – носьбіты радыяцыі. У тым ліку Горадня, Масты, Ворша, Талачын, Салігорск, Маладзечна”, – распавёў навуковец.

Іван Нікітчанка пры жыцці актыўна выступаў супраць пабудовы ў Беларусі атамнай электрастанцыі. У апошнім інтэрв’ю Іван Нікітчанка параіў сваім апанентам, што лічаць невялікія дозы радыяцыі бясшкоднымі, перачытаць медычную энцыклапедыю. “Бяспечнай радыяцыі не бывае”, – падкрэсліў навуковец.

belsat.eu

Стужка навінаў