У Горадні распрацавалі электронны падручнік па фізкультуры


Ці зможа ён замяніць рэальнага настаўніка?

Навучальныя дапаможнікі распрацавала кафедра спартовых дысцыплінаў Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Янкі Купалы. Кіраўнік праекту – кандыдат педагагічных навук Віталь Храмаў. Паводле яго, гэта першыя такія падручнікі на ўсёй постсавецкай прасторы. «Спачатку ідэя была ўхваленая Міністэрствам адукацыі, яно дало згоду на выпуск пробнага падручніка па баскетболе. Эксперымент па яго ўкараненні прайшоў паспяхова ў школах вобласці, і пасля гэтага мы распрацавалі аналагічныя падручнікі па іншых спартовых дысцыплінах: футболе, валейболе, лёгкай атлетыцы, аэробіцы», – кажа Віталь Храмаў.

На думку стваральнікаў, электронныя падручнікі дазваляюць скараціць час і павысіць якасць навучання. «З іх дапамогаю любое практыкаванне можна паўтараць столькі разоў, колькі гэта трэба вучню. Даведнік таксама падрабязна тлумачыць усе дэталі правільнага руху і тэхнічнага прыёму розных відаў спорту», – дадае кіраўнік праекту.

Падручнік зроблены ў выглядзе звычайнага дыску. Плануецца, што настаўнік будзе яго дэманстраваць на сваіх занятках, а вучні выконваць усе заданні. Праўда, для гэтага трэба, каб у кожнай спартовай залі ўсталявалі мультымедыйныя праектары.

Эксперымент цяпер праходзіць у шасці гарадзенскіх школах. Паводле намесніцы дырэктара гімназіі № 5 Вольгі Хітрушкі, электронны падручнік – гэта дадатковая дапамога на ўроках, замяняць настаўнікаў на камп’ютар не плануецца. «На занятках нашыя настаўнікі карэктуюць кожны крок вучняў. Апроч таго, настаўнік павінен кантраляваць і бяспеку на ўроку. Паводле статыстыкі, найбольш траўмаў вучні атрымліваюць акурат на ўроках фізкультуры», – зазначыла Вольга Хітрушка.

У Гарадзенскім гарадскім аддзеле адукацыі паведамляюць, што эксперымент з электроннымі падручнікамі будзе працягвацца год. Пасля гэтага настаўнікі, якія ўдзельнічаюць у праекце, дадуць сваё заключэнне наконт будучыні электронных урокаў. І калі вынікі будуць станоўчыя, практыку распаўсюдзяць на вобласць і ўсю краіну.

belsat.eu

Стужка навінаў