Аўтамабілісты: спадзяванняў на змяншэнне мытаў няма


Мытны саюз з Расеяй і Казахстанам, паводле афіцыйнага Менску, меў прынесці сур’ёзныя дывідэнды для беларускай эканомікі ды для самых жыхароў Беларусі. Аднак бадай адзінае, што адчулі на сабе беларусы, – гэта рост коштаў на аўтамабілі (як ужываныя, гэтак і новыя).

З уступленнем у сілу пагадненняў аб Мытным саюзе, Беларусь была вымушаная падняць мыты на аўты да ўзроўню расейскіх. Гэта прывяло да рэзкага росту коштаў на машыны замежнай вытворчасці. Расея неўзабаве можа зрабіцца чальцом Сусветнай гандлёвай арганізацыі, і адна з умоваў далучэння – зніжэнне мыта на ўвезеныя аўтамабілі. Аднак беларусы ў палёгку не вераць. «Мыты трэба знізіць. Але яны гэтага не робяць. Можа, таму, што не хочуць хлам гэты весці з іншых краінаў – старыя аўты. Дык рабіце свае добрыя аўтамабілі – будуць купляць тут, – гаворыць адзін з менскіх аўтамабілістаў. – Дзе браць аўтамабіль? Застаюцца толькі расейскія «Жыгулі».

Расея зацікаўленая ў высокіх мытах на аўты, бо гэткім чынам яна бароніць сваіх вытворцаў. У выніку ў беларусаў амаль не застаецца альтэрнатывы аўтамабілю расейскай зборкі. «У народу раней было больш магчымасцяў змяніць машыну. Можна было паспрабаваць новыя мадэлі. Цяпер, думаю, будзе цяжэй, бо тое новае, што прапаноўваюць, – гэта нізкі сегмент. На добрыя машыны нямецкай і японскай вытворчасці мы няхутка яшчэ заробім, таму выбар звузіўся», – дадаў адзін з удзельнікаў апытання.

«Гэта неразумна. У нас жа няма сваёй вытворчасці. Калі будзе свая вытворчасць – будзем яе абараняць, а так абараняем невядома каго», – падкрэсліў іншы рэспандэнт.

belsat.eu

Стужка навінаў