Кавалеўская: Гэта наўпроставае парушэнне права на абарону


Адвакатка Андрэя Саннікава мае намер дамагчыся сустрэчы са сваім падабаронным.

Аляксандр Ламаза, начальнік магілёўскай турмы № 4, дзе цяпер утрымліваецца асуджаны экс-кандыдат на прэзідэнта, адмаўляе Саннікаву ў сустрэчы з адвакатам са спасылкаю на тое, што палітык лічыцца «транзітным перасыльным». «У адпаведнасці з законам, любы асуджаны і любы грамадзянін мае права на юрыдычную дапамогу ў любы момант, таму я разглядаю гэта як наўпроставае парушэнне права на абарону», – падкрэсліла адвакатка.

Яна склала адпаведныя скаргі ў органы нагляду, у тым ліку ў пракуратуру. Выклікае пытанні таксама сам факт ужо другога пераводу Андрэя Саннікава ў іншую ўстанову для адбывання пакарання. «Такія пераводы робяцца ў выключных выпадках, – гаворыць Марына Кавалеўская. – Андрэя Саннікава пераводзяць ужо другі раз. Мы даведаліся пра тое, што ён утрымліваецца ў турме № 4 горада Магілёва выключна таму, што адвакат быў тут асабіста і асабіста змог у гэтым пераканацца».

Паводле Марыны Кавалеўскай, хутчэй за ўсё Андрэй Саннікаў сам мог звяртацца з просьбаю пра сустрэчу з адвакатам. «Абарона і сваякі скіравалі афіцыйныя запыты, бо з практыкі нам вядома, што Андрэй Саннікаў заўсёды піша заявы аб прадстаўленні яму юрыдычнай дапамогі, калі яго кудысьці пераводзяць і калі маюць месца нейкія надзвычайныя абставіны. Сумневаў у тым, што ён і гэтым разам напісаў такі зварот, у нас няма», – падкрэсліла адвакатка.

belsat.eu

Стужка навінаў