Валянцін Акудовіч у «Гарачым каментары»


Амаль праз год пасля падзеяў 19 снежня ў Беларусі не спыняецца хваля палітычнага пераследу.

Пад уплывам санкцыяў з боку Захаду ды ў сувязі з катастрафічным станам беларускай эканомікі Аляксандр Лукашэнка паступова вызваляе палітвязняў, аднак пасыл уладаў застаецца нязменны – лібералізацыі не будзе. Пра гэта сведчыць працяг ізаляцыі экс-кандыдата на прэзідэнта Андрэя Саннікава. Сёння стала вядома, што яго перавезлі ў Магілёўскую турму № 4. Аднак у якім стане палітвязень цяпер ды што чакае яго далей, не можа даведацца нават адвакат.

Беларускі філосаф і літаратар Валянцін Акудовіч мяркуе, што Саннікаў змагаецца перадусім за сябе, бо кожны, хто ведае кошт свабоды, мусіць абавязкова рабіць некія крокі, каб адчуваць сябе чалавекам.

“У палітычным свеце герояў для беларусаў няма. Беларусы не сфармаваныя палітычна”, – кажа спадар Акудовіч. На ягоную думку, яны атаясамліваюць сябе з дзяржаваю, але не з нацыяю.

“Беларусы за гэтыя дваццаць гадоў – хтосьці прызвычаіўся, хтосьці змірыўся – з тым, што яны жывуць у асобнай дзяржаве. Штодня ім пра гэта нагадвае рэчаіснасць. Яны маюць свайго прэзідэнта, любяць або не любяць – гэта ўжо іншае. Яны маюць свае грошы, яны сядзяць у сваіх турмах, а не ў маскоўскіх, іх узнагароджваюць ці знявольваюць іхныя ўлады – і гэтак да бясконцасці. Таму, я лічу, для іх дзяржава – ужо цалкам рэальная падзея”.

Літаратар упэўнены, што беларусы не ведаюць смаку свабоды.

“Рэч у тым, што ў гісторыі беларусаў, у нашай ментальнасці свабоды не было ўжо з даўніх-даўніх часоў. А навучыцца свабодзе – гэта самае складанае. За свабоду змагацца, мне здаецца, не вельмі слушна. Яе трэба чакаць”, – кажа Валянцін Акудовіч.

Як паказваюць сацыялагічныя звесткі, большасць беларусаў сёння арыентуецца на Захад.

belsat.eu

Стужка навінаў