«Гавары праўду!» правялі акцыю за роўныя правы для ўсіх студэнтаў


Прыкладна дзясятак чалавек сабраліся на прыпынку каля сталічнага ГУМу, дзе яны селі ў аўтобус маршруту № 100 і прабілі талончыкі. Як заявіў адзін з каардынатараў кампаніі “Гавары праўду!” Андрэй Дзмітрыеў, гэтая акцыя мае сімвалізаваць роўнасць усіх студэнтаў Беларусі без выключэння.

“Салідарнасць – гэта калі ты можаш адмовіцца ад сваіх ільготаў, правоў, каб сказаць, што мы ўсе роўныя і нас нельга дзяліць на часткі, нас нельга гэтым падкупляць. Мы лічым несправядлівым тое, што менскія студэнты карыстаюцца льготамі ды ездзяць у грамадскім транспарце бясплатна, а студэнты ў рэгіёнах такой магчымасці пазбаўленыя. Улады спрабуюць падзяліць студэнтаў на “добрых” у Менску, якіх трэба неяк падкупіць, і нейкіх “астатніх” у Беларусі. Мы патрабуем або даць усім студэнтам ільготны праезд, або зраўнаць студэнтаў Менску з рэштаю. На знак гэтага студэнты прабіваюць талончыкі – гэта адмова ад магчымасці ездзіць бясплатна”, – заявіў Дзмітрыеў.

Даехаўшы да пл. Незалежнасці, студэнты перадалі зварот са сваімі патрабаваннямі ў Савет Міністраў. Разам з прабітымі талончыкамі ён быў апушчаны ў скрыню для зваротаў Саўміну.

Копію гэтага паслання актывісты кампаніі “Гавары праўду!” і студэнты перадалі аналагічным чынам у Міністэрства адукацыі. Тут да студэнтаў выйшаў памочнік міністра, якому ўдзельнікі акцыі таксама ўручылі копію звароту. Памочнік іх выслухаў і паабяцаў, што патрабаванні перададуць непасрэдна міністру адукацыі.

Выйшаўшы з будынку Міністэрства адукацыі, Андрэй Дзмітрыеў заявіў, што кампанія за роўныя правы студэнтаў будзе праводзіцца неўзабаве ва ўсёй Беларусі. “У Магілёве ўжо было сабрана больш за 600 подпісаў за наданне студэнтам права на льготны праезд. Больш за тое, улады Магілёва ўжо выслалі адказ – яны паведамілі, што ў гарадскім бюджэце на гэта няма сродкаў. Але мы будзем працягваць гэтую кампанію, каб усім студэнтам былі дадзеныя роўныя правы”, – сказаў Дзмітрыеў.

belsat.eu
https://youtu.be/kQ-gyJCw8II

Глядзі таксама
Каментары