Урад абяцае вярнуць льготныя крэдыты


А банкі заклікаюць кліентаў разарваць дамовы.

Пра намеры ўладаў 16 лістапада заявіў віцэ-прэм’ер Анатоль Калінін падчас «наўпроставай лініі» з грамадзянамі. «Тым, хто паспеў заключыць дамовы і пачаць будавацца, урад прапаноўвае захаваць ільготныя ўмовы будаўніцтва», – адзначыў чыноўнік. Паводле яго, ужо падрыхтаваны праект указу, згодна з якім для забудоўнікаў-ільготнікаў узновяць крэдытныя лініі пад 5 % гадавых. «На гэтым тыдні дакумент будзе накіраваны на разгляд у Адміністрацыю прэзідэнта. Мы плануем, што ўказ пасля яго падпісання ўступіць у сілу сёлета да канца лістапада», – дадаў віцэ-прэм’ер.

Днямі праект указу разглядаўся на пасяджэнні Прэзідыуму Савету Міністраў. Новыя падыходы ўхваліла большасць чальцоў ураду. У прыватнасці, да 15 пазіцыяў скарацілі спіс катэгорыяў, якія раней мелі льготы. Вядома, што льготы захаваюць шматдзетныя сем’і, у якіх чацвёра і больш дзяцей, а таксама інваліды, вайскоўцы і супрацоўнікі сілавых структураў.

На сёння на фінансаванне жытла для шматдзетных сем’яў патрабуецца 74 трлн руб. Цяпер у бюджэце ёсць толькі 7,5 трлн. Яшчэ 1 трлн плануецца выдзеліць з мясцовых бюджэтаў, але відавочна, што гэтых грошай не дастаткова. «Усіх уключыць на ранейшых умовах мы не зможам», – растлумачыў Анатоль Калінін. Аднак пакуль не ўдакладняецца, якім чынам будзе скарачацца колькасць чаргавікоў на льготнае будаўніцтва сярод шматдзетных сямей.

Тым часам, «Белсату» стала вядома, што «Беларусбанк» звяртаецца да сваіх кліентаў з заклікам разарваць дамовы на льготнае крэдытаванне пад 5 % гадавых. «Некаторыя дольнікі змушаныя ісці на такі крок, – тлумачыць удзельнік долевага будаўніцтва Дзяніс Стасевіч. – Рэч у тым, што «Беларусбанк» ужо два месяцы не пераводзіць ні рубля на рахунак забудоўнікаў. Значыць, сумы мусім выплачваць мы самыя. Адкуль на гэта ўзяць грошы? Людзі ідуць у банкі па новыя крэдыты, але ўжо не пад 5 % гадавых, а мінімум пад 31 %. І каб атрымаць такі крэдыт, трэба дакументальна пазбавіцца ад старога».

belsat.eu

Стужка навінаў