Казачны Нурсултан


У Казахстане выдалі серыю дзіцячых казак на падставе біяграфіі першага і пакуль адзінага прэзідэнта краіны Нурсултана Назарбаева.

У гэтых кнігах ёсць усё, каб прыцягнуць увагу маленькіх чытачоў: маляўнічыя ілюстрацыі, выдатная папера і буйны фармат. Аднак гэта не проста чытанка перад сном – выданне ставіць больш высокія, патрыятычныя мэты.

Казахская пісьменніца Роза Акбулатава напісала ўжо шэсць казак пра жыццё Лідара нацыі, як называюць прэзідэнта ў краіне. З іх дапамогаю дзеці пазнаёмяцца з цікавінкамі жыцця Нурсултана і ягонай дачкі Дарыгі, даведаюцца, як праходзілі ў Казахстане Азіяцкія гульні 2011 г. і саміт АБСЕ. Назвы казак кажуць самі за сябе: “Мой Прэзідэнт”, “Белы кароль”, “Лідар нацыі Нурсултан”, “Саміт”, “Азіяды-2011” і “Залатыя яблыкі Дарыгі”.

У “Маім Прэзідэнту” аўтарка распавядае пра тое, як маці Назарбаева доўга прасіла Бога паслаць ёй сына, і пасля ейных малітваў адбылося “цудоўнае нараджэнне будучага Лідара нацыі”. Паводле казкі, Нурсултан Назарбаеў нарадзіўся наступным чынам: “І раптам пачуўся гучны плач дзіцяці, трава шамацела, а зоркі свяцілі ў небе, як дыяменты”.

Неверагодна разумны і моцны хлопчык адразу адчуў сваё высокае прызначэнне, да якога праз шматлікія перашкоды ўпарта ішоў шмат гадоў. Як кожная добрая казка, гэтая гісторыя Нурсултана заканчваецца мараллю: “У гісторыю краіны ўпершыню было запісанае слова “дэмакратыя”. Нурсултан стаўся першым народна абраным прэзідэнтам краіны! Вяршыняю лёсу!”.

Роза Акбулатава кажа, што пачала думаць пра напісанне гісторыі прэзідэнта ў казачным жанры яшчэ ў 1993 г., калі яна пачала чытаць патрыятычныя вершы і гастраляваць з імі па краіне. Натхнення надало ёй і атрыманне незалежнасці, і з’яўленне новай сталіцы дзяржавы – Астаны.

“Я падумала: як жа гэта так, калі на тэлебачанні бачыш: “Мая краіна, мая Амерыка”, дзеці ганарацца – гэта мая Амерыка… Я кажу: а чаму б не “мой Нурсултан”, чаму не “мой Казахстан”? Я – казахстанец! І ў мяне атрымалася такая вельмі прыгожая, міжнародная кніга. Мой прэзідэнт будзе вечна жывы. Ён пасланец свету. Разумееце, гэтыя людзі абраныя – проста так яны ў нашую краіну, у наш свет не прыходзяць. Іх дае нам Бог”, – кажа аўтарка.

Казкі Акбулатавай пакуль не сталі часткаю навучальнай праграмы, але ў некаторых дзіцячых садках Алматы іх ужо чытаюць дзецям.

На пытанне аб продажы твораў аўтарка адказвае ўсмешкаю, спасылаючыся на камерцыйную таямніцу. Тым не менш, яна прызналася журналістам, што ўжо стала мільянеркаю.

belsat.eu

Стужка навінаў