Пакаралі за малітву


Затрыманы 16 лістапада падчас малітоўнай акцыі Аляксандр Макаеў атрымаў 5 дзён адміністратыўнага арышту, а Аляксандра Кальянава аштрафавалі на 5 базавых велічыняў.

“Абодвух асудзілі паводле арт. 17.1 “дробнае хуліганства”, справу Макаева разглядаў суддзя Аляксандр Якунчыхін. На разгляд не дапусцілі ні журналістаў, ні сяброў затрыманых”, – распавяла “Белсату” падрабязнасці праваабаронца Наста Лойка.

Нагадаем, Аляксандр Макаеў і Аляксандр Кальянаў былі затрыманыя 16 лістапада на Кастрычніцкай плошчы. А 19-й гадзіне там праходзіла малітоўная акцыя за Беларусь і палітвязняў. Агулам міліцыянты затрымалі 7 чалавек, усіх даставілі ў РУУС Цэнтральнага раёну сталіцы. Праз некалькі гадзінаў без складання пратаколу былі адпушчаныя пяць удзельніц акцыі. Мужчыны засталіся ў пастарунку. Ноч Макаеў і Кальянаў правялі ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў, што на вул. Акрэсціна.

Сёння а 15-й гадзіне затрыманых прывезлі ў суд. Згодна са складзенымі міліцыянтамі пратаколамі, малітва названая “нецэнзурнаю лаянкаю”.

Больш за тыдзень актывісты і вернікі а 19-й збіраліся на Кастрычніцкай і маліліся за Беларусь і вызваленне палітвязняў, а затым ішлі на традыцыйную малітву да Чырвонага касцёлу. Міліцыянты звычайна вернікам не перашкаджалі. Аднак 14 лістапада начальнік Цэнтральнага РУУС Менску Віктар Радзевіч паабяцаў акцыі разганяць. “Усё роўна мы сёння збіраемся прыйсці на Кастрычніцкую. Калі міліцыя не дазволіць, то правядзем малітву ля Чырвонага касцёлу. Аднак месца сустрэчы ў нас запланаванае на Кастрычніцкай”, – паведаміла “Белсату” адна з затрыманых учора ўдзельніц Ганна Шапуцька.

Між тым, кіраўніцтва Беларускай хрысціянскай дэмакратыі звярнулася да незалежных журналістаў з просьбаю прыйсці сёння а 19-й гадзіне на Кастрычніцкую плошчу, каб “падтрымаць інфармацыйна” ўдзельнікаў акцыі.

belsat.eu

Стужка навінаў