Орша: Настаўнікаў прымушаюць выбіваць грошы за «камуналку»


Рабіць гэта яны мусяць бясплатна. Дадатковы абавязак прыдумалі мясцовыя ўлады.

Такім чынам, цяпер настаўнікі адказваюць не толькі за веды і выхаванне вучняў, але і за аплату камунальных паслугаў іхнымі бацькамі. Упраўленне ЖКГ Оршы склала спіс неплацельшчыкаў, які накіравала ў аддзел адукацыі. Адтуль адміністрацыя школаў атрымала заданне і адрасы, па якіх павінны прыйсці класныя кіраўнікі або сацыяльныя педагогі.

Вось што распавядае адна з настаўніц: «Нам раздалі адрасы нашых вучняў. Цяпер мы мусім пайсці да іхных бацькоў, пацікавіцца, чаму яны не аплачваюць «жыроўкі», і настойліва папрасіць, каб яны пагасілі запазычанасць. Таксама мы павінны патлумачыць, якая адказнасць паводле закону прадугледжаная для неплацельшчыкаў камунальных паслугаў».

Паводле жанчыны, за гэтую дадатковую працу даплачваць у школе не будуць: «Падчас нарады дырэктар патлумачыў, што ў настаўніка ёсць і дадатковыя абавязкі – так званая сацыяльная адказнасць. Бо калі бацькі не плацяць па «жыроўках», можа, у гэтай сям’і дзецям няма чаго есці». Настаўніца прызнаецца, што сем’і сапраўды бываюць розныя, у некаторыя кватэры, дзе жывуць алкаголікі або наркаманы, нават небяспечна заходзіць. Аднак ніякага суправаджэння міліцыі педагогам не забяспечылі.

Былы выкладчык фізікі, рэпетытар Антон Клімовіч адзначае, што школьных настаўнікаў увесь час прымушаюць рабіць дадатковую працу. «Напрыклад, наведваць нядобранадзейныя сем’і. Або ўдзельнічаць у гарадскіх канцэртах самадзейнасці, працаваць на выбарах і суботніках, – пералічвае ён. – Ці магчыма адмовіцца? Так, але трэба быць гатовым, што не дадуць прэмію і, магчыма, прыйдзецца шукаць новую працу».

belsat.eu

Стужка навінаў