Знавец: Расея не абароніць Лукашэнкі ад Гаагскага трыбуналу


https://youtu.be/PJJViTcGb14
У Беларусі ўжо быў шанец распачаць суд супраць кіраўніка дзяржавы – у 2006 г., нагадвае юрыст-міжнароднік Павел Знавец. Цяпер уся надзея – на эміграцыю.

Аддаць галоўнага палітыка нашай краіны пад Міжнародны суд у Гаазе прапанаваў кангрэсмен Крыстафэр Сміт, кіраўнік Хельсінкскай камісіі ЗША, калі камісія ААН разглядала ў Вашынгтоне сітуацыю ў Беларусі. Гэтыя словы прагучалі адразу пасля прамовы ў амерыканскай сталіцы былога кандыдата на прэзідэнцтва, палітвязня і ўцекача Алеся Міхалевіча пра спіс нерасследаваных справаў, датычнасць да якіх можа мець кіраўнік Беларусі. Свае меркаванні Крыстафэр Сміт плануе перадаць адміністрацыі Барака Оўбамы.

Павел Знавец выкладаў у Алеся Міхалевіча, калі той быў студэнтам. Эксперт прыгадаў «Белсату», што беларуская апазіцыя ўжо мела шанец распачаць міжнародны працэс супраць Аляксандра Лукашэнкі: «[Васіль] Еўдакімаў [старшыня Англійска-беларускага таварыства] мог узначаліць міжнародны грамадскі трыбунал, але, на жаль, патанула ў балбатні гэтая ідэя яшчэ падчас Кангрэсу дэмакратычных сілаў, калі вылучалі адзіным кандыдатам на прэзідэнцтва спадара Мілінкевіча. Калі б на гэтым тады сканцэнтраваліся, ужо б іншы быў рэжым і ўжо была б дэмакратыя», – упэўнены Павел Знавец.

Аднак гэта не значыць, што не варта працаваць над гэтым пытаннем цяпер. Паводле эксперта, гэтаму спрыяе і той факт, што Расея, якая хоць і працягвае эканамічна падтрымліваць рэжым, палітычнага падтрымання ўжо не прапаноўвае: «Я не думаю, што жахлівыя міжнародныя злачынствы Расея будзе пакрываць».

«Трэба вакол гэтага весці дыскусію – у інтэрв’ю, на форумах, усюды. І тады сітуацыя ў Беларусі памяняецца даволі хутка. Калі ж ізноў будзем балбатаць пра розныя круглыя і квадратныя сталы, то далей будуць працягвацца катаванні, гвалтаванне, злачынствы, выкраданні і пазасудовыя экзекуцыі», – гаворыць Павел Знавец, падкрэсліваючы надзвычай важную ролю эміграцыі ў распачынанні судовага працэсу.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары