Павел Знавец у “Гарачым каментары”


Сітуацыя вакол палітвязняў працягвае заставацца абуральнай. Экс-кандыдата на прэзідэнцтва Андрэя Саннікава нечакана і амаль таемна этапавалі ў невядомым кірунку. Як высветлілася пазней, палітыка перавезлі з Бабруйскай калоніі ў адну з турмаў Віцебскай вобласці. Ірына Халіп называе этапаванне свайго мужа чарговаю хваляю ціску і спробаю дэмаралізацыі. Тым часам старшыня Хельсінкскай камісіі ЗША Крыстафэр Сміт заклікае выставіць Лукашэнку палітычныя абвінавачанні ў Гаазе.

Юрыст-міжнароднік Павел Знавец мяркуе, што суд у Гаазе можа быць рычагом уздзеяння на кіраўніка Беларусі. “Міжнародны крымінальны суд у Гаазе быў задуманы як інструмент да прыцягнення да адказнасці кіраўнікоў дзяржаваў і найвышэйшых службовых асобаў, якія ўчынілі злачынствы супраць чалавечнасці. Гэты механізм быў апрабаваны на Слабадану Мілошавічу, былым Югаслаўскім лідары, і найвышэйшых вайсковых кіраўніках гэтай краіны”, – кажа спецыяліст.

Беларусь, як і ЗША, не падпісала статуту Міжнароднага крымінальнага суда, аднак, як паведамляе юрыст, гэта не абавязковая ўмова для таго, каб прыцягнуць кіраўніка да адказнасці, бо працэс ініцыююць чальцы Рады бяспекі ААН.

Як кажа спадар Знавец, каб справаю Лукашэнкі заняліся ў ААН, патрэбнае прынамсі несупрацьдзеянне галоўных гульцоў міжнароднай арэны – сталых чальцоў Рады бяспекі – ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Кітаю і Расеі. На думку спецыяліста, калі ў Беларусі ўсталюецца дэмакратычная ўлада, магчымым зробіцца выкарыстанне артыкулу 128 Крымінальнага кодэксу, які прадугледжвае адказнасць за злачынствы супраць бяспекі чалавецтва. “Тое, што Злучаныя Штаты на ўзроўні кангрэсу, найвышэйшага заканадаўчага органу ўлады, ужо ініцыююць гэты працэс, – сігнал таго, што міжнародная супольнасць будзе вырашаць беларускае пытанне. Калі пазіцыя Еўразвязу будзе такою ж паслядоўнаю, як пазіцыя ЗША, то, я лічу, цягам некалькіх дзён або некалькіх тыдняў пытанне дэмакратыі ў Беларусі будзе вырашана”, – заяўляе юрыст.

Павел Знавец не выключае, што каб абараніць сваю уладу, Лукашэнка можа зайсці нават так далёка, як лівійскі дыктатар Кадафі, які раздаваў жанчынам і дзецям зброю. Спецыяліст упэўнены, што толькі жорсткі ды моцны міжнародны ціск можа паскорыць крах беларускага рэжыму.

belsat.eu

Стужка навінаў