Шэрэпка: чаму Беларусь не выконвае абавязкаў перад ААН?


Амбасадар Польшчы ў Беларусі на прэс-канферэнцыі ў Менску раскрытыкаваў пазіцыю беларускага боку ў адносінах краінаў.

Лешэк Шэрэпка (Leszek Szerepka) упэўнены, што супраца з заходнімі краінамі можа дапамагчы мадэрнізаваць Беларусь і павысіць узровень жыцця грамадзянаў, аднак дапамога гэтая можа быць аказаная толькі пры пэўных умовах. “Нельга садзіць у турму пасля выбараў супернікаў і казаць, што яны – бандыты. Калі яны бандыты, то чаму яны бралі ўдзел у выбарах? А калі яны не бандыты, то чаму яны сядзяць у турме? Гэта ж вельмі простыя пытанні, і на іх трэба адказаць. Нашыя ўмовы мінімальныя: краіна мусіць развівацца згодна з тымі дэмакратычнымі стандартамі, якія прапісаныя ва ўставе ААН. Беларусь – сузаснавальнік арганізацыі, дык чаму яна не выконвае тых рэчаў, пад якімі падпісалася?” – задаў рытарычнае пытанне дыпламат.

Спадар Шэрэпка катэгарычна не згаджаецца з тым, што крытыка сітуацыі ў Беларусі праз заходнія краіны – гэта змова, як заяўляць некаторыя беларускія палітыкі. “Гэта дэмакратычны свет, і гэтак ён рэагуе на падзеі ў вашай краіне. Ведаеце, Рада Еўропы, ААН, Венецыянская камісія, Еўрапейскі парламент – усе выдалі вельмі крытычныя рэзалюцыі аб Беларусі. Кіраўніцтва Беларусі мусіць прынамсі прыняць да ўвагі гэта”, – падкрэсліў амбасадар.

У хадзе прэс-канферэнцыі прадстаўніца афіцыйнага Саюзу палякаў Беларусі Віталія Навумовіч-Панасюк папрасіла амбасадара паспрыяць збліжэнню афіцыйнага і не прызнаванага ўладамі саюзаў палякаў.

У адказ на гэта Шэрэпка заўважыў: “Тут праблема ў тым, што вашая дзяржава спрабуе кантраляваць дзейнасць усіх незалежных арганізацыяў. Мы выдаткавалі велізарныя грошы, каб пабудаваць 16 польскіх дамоў. Паглядзіце, што з імі адбываецца, як яны выкарыстоўваюцца. Чаго там больш? Мы бачылі захоп маёмасці, які правяла нейкая група, якая цяпер карыстаецца ім. Тады як Польшча набыла гэтую маёмасць, каб яна працавала на карысць усёй польскай меншасці ў Беларусі”.

Узгадаў амбасадар і справу супраць Алеся Бяляцкага, якая, нагадаем, была распачатая на падставе дакументаў, перададзеных беларускаму боку Польшчаю ды Літвою ў межах прававой дапамогі. Шэрэпка назваў гэта прыкладам таго, як “можна выкарыстоўваць міжнародныя дамовы не паводле прызначэння”. “Падпісаная дамова была неабходная для барацьбы са злачыннасцю. А тое, што зрабіў беларускі бок, толькі шкодзіць супрацы”, – падкрэсліў Лешэк Шэрэпка.

belsat.eu

Стужка навінаў