Кітайскі мастак пачуваецца “абрабаваным” дзяржаваю


Пра гэта дысідэнт Ай Ўэйўэй (Ai Weiwei) заявіў у сваім першым інтэрв’ю 16 лістапада.

54-гадовы мастак, якога абвінавачваюць ва ўхіленні ад аплаты падаткаў, 15 лістапада пералічыў на банкаўскі рахунак падатковага бюро 8,45 млн юаняў ($ 1,3 млн), сабраных ягонымі прыхільнікамі. Сума гэтая, аднак, не ўлучае штрафу памерам каля 6,6 млн юаняў ($ 1,04 млн), які таксама выставілі Аю Ўэйўэю.

У аўторак мастак заявіў, што не збіраецца плаціць штрафу, бо гэта было б прызнаннем ягонай віны перад высновамі касацыйнага суда, якія абвесцяць праз некалькі месяцаў. “Я быў закладнікам паўгода таму, і цяпер я заплаціў выкуп. Я пачуваюся абрабаваным, але, ведаеце, афіцыйна”, – сказаў Aй Ўэйўэй.

Кітайскі праваабаронца заяўляе, што змагаецца за агульную справу. “Мы мусім прытрымлівацца прававых працэдураў. Мы робім гэта не толькі для сябе. Заканадаўчы бок мае быць празрысты і справядлівы. Гэта адзінае, што надае надзею ў гэтай краіне”, – кажа дысідэнт.

Прабыўшы каля гадзіны ў бюро, мастак паказаў журналістам падатковыя дакументы, якія ён атрымаў. “Яны афіцыйна прынялі нашыя падатковыя гарантыі, і мы можам пачаць адміністрацыйны перагляд. Нам таксама паведамілі, што стаўленне да справы будзе сур’ёзнае”, – кажа мастак.

Бухгалтар, якія суправаджаў Aя Ўэйўэя ў падатковае бюро, паведаміў, што кітайскія законы гарантуюць права падаць на адміністрацыйны перагляд цягам 60 дзён. Аднак сам мастак упэўнены, што шанцаў выйграць справу практычна няма, бо асноўная прычына яе завядзення – палітычная. Aя Ўэйўэя ўжо неаднаразова арыштоўвалі за крытыку Камуністычнай партыі Кітаю.

У пачатку лістапада кітайскі дысідэнт атрымаў паведамленне ад падатковай службы Кітаю з патрабаваннем заплаціць 2,4 млн долараў. Прэтэнзіі да Ая Ўэйўэя грунтуюцца на ягонай працы ў кампаніі “Beijing Fake Cultural Development Ltd”, якую, як мяркуюць падаткавікі, ён кантралюе. Мастак працуе там простым дызайнерам, а кампанія належыць ягонай жонцы Лу Цін (Lu Qing). Абвінаваўчы бок да гэтага часу не падаў доказаў віны”.

belsat.eu
https://youtu.be/I7n9S46Kyqg

Глядзі таксама
Каментары