Для тых, хто не даехаў да Венецыі: беларускі павільён у Менску


«Укрыжаванне» было працаю, «якая сваёй энергіяй прэзентавала Беларусь» на 54-м Міжнародным біенале мастацтва ў Венецыі.

«Сам удзел Беларусі ў біенале будзе абмяркоўвацца яшчэ доўга», – запэўніў рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, куратар праекту «Kodex» Міхаіл Баразна.

15 лістапада ў менскім Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва адбылася прэм’ера праекту «Kodex». У чэрвені яго прэзентавалі ў павільёне Беларусі на 54-м Міжнародным біенале мастацтва ў Венецыі. Ініцыятарам упершыню выступіла Міністэрства культуры.

Праект уяўляе з сябе мастацкую інтэрпрэтацыю філасофскага паняцці тэксту. У яе аснове ляжыць кампазіцыя, створаная сродкамі аб’ёмнай пластыкі, а таксама танальнай і каляровай графікі, відэаінсталяцыі. У праекце ўдзельнічалі канцэптуаліст Артур Клінаў, перформер Віктар Пятроў, скульптар Канстанцін Касцючэнка, графік Юрый Алісевіч і рэжысёр Дзяніс Скварцоў. Архітэктарам павільёна быў Міхаіл Шыкаў.

Паводле Баразны, пра поспех беларускай экспазіцыі «гавораць усе кантакты і агляды ў прэсе».

«Я стараўся зрабіць актыўную, эмацыйную працу, якая сваёй энергіяй будзе прэзентаваць Беларусь. Ніякія асобныя беларускія элементы вялікага сэнсу ў гэтай працы не неслі б, я іх не дадаваў», – распавёў аўтар працы «Crucifix» («Укрыжаванне») Канстанцін Касцючэнка.

«Укрыжаванне – сімвал нашага свету, марнасць, мітусня. Калі чалавек сам сабе прыдумляе праблемы і потым сам жа іх вырашае. У тым ліку да гэтага адносяцца і нашыя войны», – дадаў ён.

Венецыянскі біенале – адзін з самых вядомых форумаў сусветнага мастацтва, міжнародная мастацкая выстава. У 2011 г. Беларусь удзельнічала ў біенале другі раз.

belsat.eu

Стужка навінаў