Саннікава пераводзяць у іншую калонію «з прычыны небяспекі для жыцця»


https://youtu.be/XuDZVv6NDrM
Экс-кандыдата на прэзідэнцтва Андрэя Саннікава нечакана перавялі ўадну з папраўчых калоніяў Віцебскай вобласці.

Пра гэта ягонай жонцы Ірыне Халіп паведаміў 16 лістапада часовы выканальнік абавязкаў начальніка Дэпартаменту выканання пакаранняў МУС Сяргей Працэнка.

«Гэта той самы Працэнка, які паўтара месяца таму тлумачыў мне пры пераводзе Саннікава ў бабруйскую калонію: яму там будзе лепш. Аднак цяпер ён заявіў, што з прычыны небяспекі для жыцця і здароўя Саннікава перавялі з бабруйскай калоніі № 2 у Віцебскую вобласць. У якую калонію – Працэнка мне не паведаміў», – распавяла журналістам Ірына Халіп.

Паводле чыноўніка, Саннікава будуць этапаваць у калонію зноў праз магілёўскую турму (у канцы верасня Саннікава ўжо этапавалі з калоніі Наваполацку ў калонію Бабруйску праз магілёўскую турму).

Халіп таксама паведаміла: на мінулым тыдні да яе паступіла інфармацыя пра тое, што ў бабруйскай калоніі № 2 Саннікаву, у звязку з праблемамі са здароўем, дазволілі ляжаць днём, што звычайна не практыкуецца. У звязку з гэтым яна задала Працэнку пытанне: ці рабілася ў дачыненні Саннікава медычнае заключэнне, і наколькі ягонае здароўе дазваляе перанесці чарговае этапаванне? Чыноўнік адказаць не змог.

Што датычыць месцазнаходжання Саннікава, то, паводле ягонай жонкі, Працэнка рэкамендаваў адвакату палітыка самому высвятляць, дзе цяпер ягоны падабаронны.

На тэрыторыі Віцебскай вобласці месцяцца пяць папраўчых калоніяў: дзве ў Оршы, па адной у Віцебскім раёне, Наваполацку і Глыбокім.

Пра тое, што Саннікава ў Бабруйску няма, стала вядома раніцаю 16 лістапада. З палітыкам меў сустрэцца ягоны адвакат, аднак у калоніі заявілі, што Саннікава перавялі. Куды яго этапавалі, у звязку з чым і на якой падставе гэта зроблена, адвакату не патлумачылі.

Халіп адразу ж адправілася ў Дэпартамент выканання пакаранняў, каб высветліць месцазнаходжанне свайго мужа, аднак кіраўніцтва дэпартаменту адмовілася яе прыняць, параіўшы прыйсці ў пятніцу – прыёмны дзень.

Атрымаўшы адмову, Халіп напісала заяву на імя Працэнкі з патрабаваннем неадкладна паведаміць, дзе цяпер ейны муж, даць яму сустрэчу з адвакатам і спыніць у дачыненні Саннікава незаконныя дзеянні. Пасля гэтага жонку асуджанага палітыка запрасілі на прыём.

Перад тым як напісаць заяву, Халіп запрасіла журналістаў прыйсці ў Дэпартамент выканання пакаранняў. Яе папярэдзілі: калі прадстаўнікоў медыяў збярэцца шмат, гэта будзе расцэнена як несанкцыянаваная акцыя. Неўзабаве пасля прыезду журналістаў у будынку дэпартаменту з’явіліся супрацоўнікі міліцыі ў цывільным, сярод якіх быў намеснік начальніка ГУУС Менгарвыканкаму – начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Ігар Яўсееў. Аднак абышлося без інцыдэнтаў.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары