Стэфановіч: Улада вырашыла не саджаць за краты ўсю «Вясну»


Але Бяляцкаму абвінавачання не змякчылі.

Пасля амаль тыднёвага перапынку ўзнавіўся працэс паводле справы кіраўніка праваабарончага цэнтру «Вясна», віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алеся Бяляцкага.

На папярэднім паседжанні 10 лістапада абвінаваўца, пракурор Валерый Сайкоўскі, папрасіў час на рыхтаванне новага абвінавачвання, якое «будзе істотна адрознівацца ад папярэдняга». Шмат хто з калегаў Алеся Бяляцкага меркаваў, што праваабаронцу абвінавацяць у дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі.

Аднак сёння з выступу пракурора стала зразумела, што новае абвінавачванне адрозніваецца ад папярэдняга толькі фразаю «ў межах выканання раней заключаных дамоўленасцяў». «Гэтаю фразай яны хочуць паказаць, што была нейкая дамоўленасць паміж Бяляцкім і фондамі, у звязку з якой ён выконваў узятыя на сябе абавязацельствы. Сутнасць абвінавачвання не змянілася, як і тое, што інкрымінуецца Алесю Бяляцкаму. Сума шкоды, нанесенай дзяржаве, не змянілася», – пракаментаваў «Белсату» сутнасць новага абвінавачвання Валянцін Стэфановіч.

Ён таксама звяртае ўвагу на тое, што ў матэрыялах справы засталіся звесткі літоўскіх банкаў, хоць быў спадзеў на іх выдаленне ў звязку з тым, што Міністэрства юстыцыі Літвы паведаміла беларускаму боку пра іх несапраўднасць.

Што датычыць адсутнасці абвінавачання за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, то Валянцін Стэфановіч выказаў меркаванне, што ўлада не хоча ствараць гучных скандалаў і саджаць за краты ўсю «Вясну»: «Магчыма, ім хапае аднаго Бяляцкага».

Адвакат падсуднага папрасіў даць яму час для азнаямлення з новым абвінавачаннем. Суддзя хадайніцтва задаволіў. Працэс над Алесем Бяляцкім працягнецца 22 лістапада.

belsat.eu

Стужка навінаў