Сінкевіч: 22 тысячы за долар? Гэта яшчэ не самае горшае


Інфляцыя і дэвальвацыя могуць расці, нават калі ўлады перастануць друкаваць грошы, гаворыць эканаміст.

«Можна друкаваць пэўную частку грошай і не мець ні інфляцыі, ні дэвальвацыі. Усё залежыць ад таго, ці будуць стварацца матэрыяльныя каштоўнасці пад гэтую грашовую масу. У той жа час, калі таварная маса змяншаецца ў выніку нейкіх маніпуляцыяў на рынку, мы таксама можам атрымаць інфляцыю і дэвальвацыю пры нязменнай грашовай масе», – тлумачыць эканаміст Аляксандр Сінкевіч.

Паводле эксперта, ва ўрадзе ідзе змаганне паміж «лібераламі» і «дзяржаўнікамі», таму ў выніку будзе прыняты кампрамісны варыянт, якую суму надрукаваць у наступным годзе. Пытанне ў тым, што зробіць урад з грашоваю масаю. Калі мы зноў будзем яе «праядаць», то «атрымаем велічэзную інфляцыю, шматразовую дэвальвацыю, а галоўнае – насельніцтва згубіць давер да беларускага рубля канчаткова і кінецца здымаць уклады ў банках. І на гэтых дэвальвацыйных чаканнях курс можа перакрочыць нават тую матэматычна разлічаную велічыню, пра якую казаў [намеснік міністра эканомікі] Ярашэнка, – 22 тысячы рублёў».

Зацісканне ж грашовай масы паводле сцэнару, які прапаноўвалі МВФ, Аляксандр Ярашэнка і прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч, можа прынесці іншую небяспеку, кажа эканаміст: «Мы можам атрымаць такое тармажэнне эканомікі, што шмат прадпрыемстваў зачыняцца, будуць выкінутыя на вуліцу шмат працоўных і па сутнасці мы можам трапіць у сцэнар пачатку 90-х гадоў, паводле якога рухаліся Расея, Украіна, Латвія».

Асабліва адчувальным баласт стратных прадпрыемстваў будзе зімою, калі распачнуцца асноўныя пастаўкі энерганосьбітаў. Высокія кошты адаб’юцца на знешнегандлёвым балансе, што, у сваю чаргу, дэстабілізуе валюту. Альтэрнатыва ў такой сітуацыі – арыентацыя эканомікі на экспарт, укладанне грошай у высокія тэхналогіі, навукаёмістую вытворчасць. Аднак інертныя дзяржаўныя прадпрыемствы наўрад ці гатовыя да такога прарыву. «Я, на жаль, чакаю першага варыянту: што мы будзем спыняць вытворчасць, «перагрэтую» дзеля высокіх паказнікаў унутранага валавога прадукту», – гаворыць Аляксандр Сінкевіч.

Калі ва ўрад не прыйдуць кваліфікаваныя эканамісты, Беларусь можа «скаціцца да ўзроўню Малдовы, дзе сядзяць адныя пенсіянеры, якія жывуць за грашовыя пераводы, што сваякі прысылаюць ім з-за мяжы». Ліберальныя рэформы – спраўджаны крок, але важна, хто будзе іх ажыццяўляць і якім чынам. Галоўнае, каб адзіным жаданнем сённяшніх «рыначнікаў» не быў адно толькі хуткі доступ да прыватызацыйнага пірага.

belsat.eu

Стужка навінаў