Сібір і Аляска пагражаюць небывалымі выкідамі метану


Навукоўцы б’юць трывогу – сібірская вечная мерзлата пачынае таяць, а гэта пагражае планеце выкідамі ў атмасферу вялізарнай колькасці метану, што радыкальна паскорыць глабальнае пацяпленне.

Ужо цяпер пад тонкім слоем лёду бачная вялікая колькасць метану. “Цяпер пад намі 2,5–3 м талай глебы. Ужо талай, хоць і пачалася зіма, але глеба яшчэ талая. А ў гэтай глебе яшчэ з часоў мамантаў захавалася мноства арганічных рэшткаў, – кажа Сяргей Зімаў, кіраўнік расейскай Паўночна-ўсходняй навуковай станцыі. – Мікробы прачынаюцца пасля доўгай шматтысячагодняй спячкі ды з задавальненнем даядаюць тое, што не паспелі з’есці раней. І выдзяляюць парніковыя газы”.

Паводле навукоўцаў, у Сібіры пад тоўстым слоем лёду сканцэнтраваныя вялікія запасы метану. Цяпер лёд з прычыны глабальнага пацяплення пачынае таяць і газ вырываецца ў атмасферу, знішчаючы азонавы слой, што ў сваю чаргу паскарае працэс пацяплення. Падобныя працэсы адбываюцца і на Алясцы.

Кейці Ўолтэр Энтані з Універсітэту Аляскі апошнія гады займаецца вывучэннем гэтай праблемы. Яна мяркуе, што выправіць сітуацыю можа толькі змяншэнне шкодных выкідаў ад спальвання нафтапрадуктаў ды іншых выкапняў. “Хіба толькі такім чынам мы зможам зменшыць тэмпы пацяплення ў Арктыцы і ў выніку затармазіць пацяпленне ў Сібіры ды на Алясцы”, – кажа Кейці Ўолтэр Энтані.

belsat.eu

Стужка навінаў