Гастарбайтэрскі бум у Расеі


Лічба мігрантаў у краіне дасягнула амаль 10 мільёнаў. Асноўную частку складаюць грамадзяне былых савецкіх рэспублік, пераважна такіх, як Таджыкістан, Узбекістан або Кыргызстан. Шмат хто працуе нелегальна. Аднак аналітыкі ўпэўненыя, што мігранты стымулююць развіццё расейскага бізнесу.

Гастарбайтэры ў Расеі часта наймаюцца на нізкакваліфікаваныя працоўныя месцы: праца на ўборачных машынах і экскаватарах, а таксама на будаўнічых пляцоўках, часта без падпісання кантракту з працадаўцам. Кіраўнік невялікай брыгады, што працуе за межамі Масквы недалёка ад шашы Рублёўскае, Бахт Іздачэў, кажа, што заробкі рабочых-мігрантаў невысокія: “Калі падлічыць, то за 5 месяцаў рабочыя атрымліваюць ўсяго 30 000 рублёў (каля 1000 долараў), максімум 40 000 (каля 1300 долараў). А ім трэба жонак і дзяцей карміць”.

Мільёны мігрантаў – сезоннікі, прыязджаюць толькі на лета. “Што тычыцца блізкага замежжа, то прыязджаюць з мэтаю знайсці тут працу. Вельмі нязначная частка – гэта студэнты або грамадзяне, якія едуць з асабістымі наведваннямі: да сваякоў, напрыклад”, – кажа намеснік начальніка Федэральнай міграцыйнай службы Масквы Сяргей Шэвыраў.

Грамадзяне суседніх краінаў Цэнтральнай Азіі часта маюць бязвізавы статус у Расеі, таму шмат людзей прыязджае працаваць без якога-небудзь прававога дазволу. Старшыня Цэнтральнага саюзу працоўных мігрантаў Рэнат Карымаў паведамляе, што доля тых, хто мае законнае права працаваць у Расеі, вельмі нізкая: “З тых 10 або 12 мільёнаў мігрантаў толькі паўтара мільёна маюць права легальна працаваць. А астатнія, па сутнасці, пастаўленыя перад неабходнасцю пакінуць тэрыторыю Расейскай Федэрацыі”.

Інспектары рэгулярна наведваюць працоўныя лагеры ды будаўнічыя пляцоўкі, каб праверыць рабочых-мігрантаў на наяўнасць дакументаў. “Мэта такіх “набегаў” – выкананне міграцыйнага заканадаўства ў Маскве, выкананне працоўнай дзейнасці замежнымі грамадзянамі пры наяўнасці адпаведных дазволаў”, – кажа інспектар Раман Раманаў.

Павелічэнне колькасці мігрантаў выклікае асцярогі сярод некаторых расейцаў, якія баяцца, што танная працоўная сіла будзе забіраць рабочыя месцы ў карэнных жыхароў. Аднак, паводле Мікалая Пятрова, аналітыка Цэнтру Карнэгі ў Маскве, мігранты працуюць на такіх месцах, на якія расейскія рабочыя ніколі б не згадзіліся. На ягоны погляд, праблема не ў тым, што мігранты адбіраюць працоўныя месцы ў расейцаў, а ў тым, што гэтая сітуацыя зручная для расейскага бізнесу: рабочыя-мігранты больш ціхія і паслухмяныя.

Праваабаронцы абвінавачваюць чыноўнікаў у тым, што тыя даўно не звяртаюць увагі на праявы нацыяналізму і ксенафобіі ў краіне. Яны ўпэўненыя, што абыякавае стаўленне ўраду Расеі да гэтай справы дазваляе квітнець расізму ў краіне.

Беларусь таксама становіцца крыніцаю таннай працоўнай сілы ў іншыя краіны. Каля паўмільёна беларусаў працуюць за мяжою. Пры гэтым 85 % з іх выязджаюць у Расею.

belsat.eu

Стужка навінаў