Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў спыніць шалёны рост коштаў


На “спыненне разбою” Аляксандр Лукашэнка адвёў месяц: “З чым мы да Новага года прыйдзем? Самі будзем, прабачце, сядзець за сталом, усім добра – шампанскае выпілі чорт ведае якое, закусілі… А народ з чым будзе? Таму снежань месяц – мы мусім усё гэта зачысціць, падняць народ, каб ён з настроем сустрэў Новы год”.

Прэзідэнт гаворыць, што рост коштаў звязаны з адсутнасцю антыманапольнага заканадаўства, чым і карыстаюцца прадаўцы. “За гэта на Захадзе імгненна адкручваюць галаву, а ў нас усё гэта магчыма. Вось адкуль усё гэта цэнаўтварэнне”, – зазначыў Аляксандр Лукашэнка падчас працоўнай паездкі па Менскай вобласці.

Як зазначае эканамічны аналітык Сяргей Чалы, кошты на нерэгуляваным дзяржаваю сегменце рынку даўно ужо стаяць, упёршыся ў столь пакупніцкай здольнасці насельніцтва. “Рост дэманструюць акурат рэгуляваныя дзяржаваю тарыфы: бензін, паслугі ЖКГ, грамадскі транспарт”, – зазначае эксперт. На ягонае меркаванне, Аляксандр Лукашэнка сваім пасылам дае зразумець, што кошты мусяць быць падвышаныя ў вызначаны тэрмін настолькі, наколькі гэта неабходна, каб налета паказнік інфляцыі ўклаўся ў запланаваныя ўрадам 19 %.

У сваю чаргу кіраўнік аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка гаворыць, што спыніць інфляцыю цалкам рэальна. Паводле эканаміста, у людзей цяпер няма грошай, каб спрыяць попыту. “Статыстыка ўжо перастала публікаваць звесткі аб ашчаджэннях насельніцтва. Напрыклад, у 2010 годзе яны складалі 4,7 % ад прыбытку, баюся, што цяпер яны нулявыя. Таму кошты могуць спыніцца без указаў Лукашэнкі”, – зазначае Леанід Заіка.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары