Вырак Кавалёву і Канавалаву агучаць 30 лістапада


Адвакаты прасілі не ўжываць супраць падабаронных смяротнага пакарання, бо лічаць, што іхная віна не даказаная.

Сёння ў паседжанні ў справе выбуху ў менскім метро працягваліся судовыя спрэчкі: з прамовамі выступілі адвакаты, магчымасць апошняга слова далі абвінавачаным. Дзмітрый Канавалаў чакана ад апошняга слова адмовіўся. Уладзіслаў Кавалёў заявіў аб сваёй невінаватасці, а таксама выказаў меркаванне, што злачынства не здзяйсняў і Дзмітрый Канавалаў. “Мне вельмі сорамна перад сабой і Дзімам, што я праявіў слабахарактарнасць і даў паказанні супраць яго на папярэднім следстве”, – казаў падчас свайго выступу Уладзіслаў Кавалёў. Ён яшчэ раз падкрэсліў, што вымушаны быў гэтак зрабіць пад псіхалагічным ціскам працаўнікоў праваахоўных органаў.

Адвакат Станіслаў Абразей прасіў апраўдаць свайго падабароннага паводле ўсіх эпізодаў абвінавачання. Падчас выступу абаронца выказаў меркаванне, што для Уладзіслава Кавалёва запатрабавалі смяротнага пакарання з-за таго, што ён на судзе адмовіўся ад папярэдніх сведчанняў. Абаронца Кавалёва атрымаў папярэджанне ад суддзі за “некарэктнае выказванне”.

Адвакаты падсудных у сваіх прамовах указвалі на тое, што віна іх падабаронных не даказаная. Як зазначыў адвакат Дзмітрый Лепрэтар, следства не высветліла матываў, дзеля якіх ягоны падабаронны вырашыў здзейсніць злачынства. Усё следства грунтавалася на паказаннях Кавалёва, і ў матэрыялах справы шмат нестыковак, зазначыў ён.

Адвакаты таксама яшчэ раз звярнулі ўвагу на тое, што падчас суда дэманстраваліся не арыгінальныя відэазапісы з камераў метрапалітэну, а змантажаваныя кадры. Адвакат Абразей звярнуў увагу прысутных, што нават на гэтых кадрах бачна, што ўвесь шлях пераходу з Кастрычніцкай на Купалаўскую “чалавека з торбаю” суправаджаюць адныя і тыя ж людзі, хоць той і некалькі раз спыняецца. “Хто гэтыя 10 чалавек, чаму суд не звярнуў на гэта ўвагі і не высветліў іх асобаў?” – спытаўся Станіслаў Абразей.

Ён упэўнены, што Дзмітрыя Канавалава калі і трэба судзіць, то толькі за незаконнае набыццё трацілу. Дзмітрый Лепрэтар заклікаў суд “на прыкладзе такога рэзананснага працэсу” прадэманстраваць сусветнаму грамадству, што Беларусь гатовая адмовіцца ад смяротнага пакарання.

Нагадаем, учора дзяржаўны абвінаваўца, намеснік генеральнага пракурора Аляксей Стук, запатрабаваў для абвінавачаных найвышэйшай меры пакарання. Вырак суд агучыць 30 лістапада аб 11-й гадзіне.

belsat.eu

Стужка навінаў