Інтэрнэт не будзе даражаць да канца года


Гэта адзіная паслуга, якая пасля крызісу аказваецца за стары кошт.

У “Белтэлекаме” пераконваюць, што падаражання не будзе, хоць у кампаніі не адмаўляюць, што церпяць праз гэта страты. “Зразумела, спажыўцы не абавязаныя пераймацца праблемамі прадпрыемстваў, аднак эканамічная сітуацыя адна на ўсіх, – распавяла намесніца генеральнага дырэктара ў эканамічных пытаннях Таццяна Даньшына. – Таму, калі мы як спажыўцы ўводзім рэжым разумнай эканоміі ў частцы тавараў народнага спажывання, то, магчыма, варта падумаць і пра мінімальную эканомію іншых выдаткаў і больш старанна планаваць выдаткі на паслугі сувязі”.

“Белтэлекам” сёлета да лістапада наагул не падымаў коштаў на свае паслугі. Ад пачатку гэтага месяца нацыянальны аператар сувязі на 5 % павялічыў тарыфы на міжнародныя тэлефонныя званкі ды тэлефанаванні на нумары абанентаў сотавай сувязі. Апроч таго, ад лістапада вырас кошт інтэрактыўнага тэлебачання кампаніі.

Прадпрыемства застаецца фактычна манапалістам на паслугі інтэрнэту ў Беларусі. На меркаванне незалежных аператараў, дзяржаўная кампанія дэмпінгуе кошты. Як паведамілі ў аддзеле працы з фізічнымі асобамі “Белтэлекаму”, найбольш распаўсюджаны тарыф сярод кліентаў – “Дамасед”, які прапаноўвае безлімітны трафік за 54 000 руб. на месяц (крыху больш за $ 6).

Прыкладна такія кошты імкнуцца захоўваць і іншыя аператары. “Натуральна, што нам патрэбна павышаць тарыфы, але калі мы гэта зробім, то ўсе нашыя кліенты перабягуць на “Белтэлекам” – там кошты па-ранейшаму нізкія”, – паведаміла крыніца з кампаніі “Айчына-Плюс”.

За мяжою інтэрнэт каштуе значна даражэй. Паводле тарыфаў, падобных да “Дамавіка”, у Расеі сярэдняя штомесячная плата за безлімітны доступ складае $ 10–12. Ва Украіне, як і ў Беларусі, на рынку таксама працуе манапаліст – “Укртэлекам”, які прапаноўвае безлімітны інтэрнэт прыкладна за $ 7. У Польшчы на папулярным тарыфе “Neostrada” за безлімітны інтэрнэт плацяць да $ 20 на месяц. У Літве і Латвіі такая паслуга каштуе каля $ 15.

belsat.eu

Стужка навінаў