Новая сацыяльная сетка: «Soybook». Для фермераў


Аргентынскія фермеры, якія вырошчваюць сою, маюць цяпер сваю сацыяльную сетку – “Сойбук” (“Soybook”). Яна мае стаць інтэрнэт-платформаю для абмену досведам паміж вытворцамі.

“У маёй галаве быў вобраз фермера, які працуе на трактары: з аднаго боку ў яго нэтбук, з другога – IPod. І пакуль ён у полі, ён застаецца падлучаным да сацыяльнай сеткі, слухае музыку, спампаваную з інтэрнэту, і ў той жа час працуе. Гэты вобраз даў мне ідэю стварэння ўласнай сацыяльнай сеткі для фермераў. Гэтак нарадзіўся “Soybook”, – распавёў стваральнік сацыяльнай сеткі для аргентынскіх фермераў Мар’яна Таруб’яна.

Карыстальнікі могуць не толькі загружаць фотаздымкі ды відэа і размяшчаць іх на сцены “сяброў”, як і ў “Facebook” і “MySpace”, але і кантактаваць на форумах, звязаных з сельскагаспадарчаю прамысловасцю. Самыя папулярныя тэмы на сёння – новыя законы, якія рэгулююць вытворчасць пшаніцы, і біяпаліва.

Аргентына – сусветны лідар у экспарце соі ды соевага алею, а таксама адзін з галоўных экспарцёраў кукурузы і мяса. Новая сацыяльная сетка адкрытая для ўсіх фермераў і людзей, зацікаўленых у сумежных з сельскагаспадарчаю вытворчасцю галінах. Ад моманту старту ў кастрычніку сетка “Soybook” займела больш за 250 унікальных карыстальнікаў пераважна з Аргентыны, але стваральнік старонкі кажа, што ён хутка спадзяецца ўбачыць у сетцы сябраў з усяго рэгіёну і замежжа.

belsat.eu

Стужка навінаў