Эканаміст: Урад паказаў, што Беларусі не стае грошай на нафту


Венесуэле мы заплацім малаком і трактарамі.

Прадстаўнікі беларускай урадавай дэлегацыі ды ўладаў Венесуэлы заключылі ў Каракасе шэраг дамоўленасцяў, паводле якіх Венесуэла закупіць у беларусаў 16 тыс. т сухога малака, а таксама сельскагаспадарчую тэхніку і транспарт. Пра гэта паведаміў кіраўнік МЗС Венесуэлы Нікаляс Мадура.

Паводле ягонай інфармацыі, Менск паставіць Каракасу 570 трактароў, а таксама грузавікі, самазвалы і аўтацыстэрны. Усяго ж плануецца паставіць у Венесуэлу 2 тыс. беларускіх трактароў.

Беларускія спецыялісты таксама дапамогуць Венесуэле пабудаваць тры аграпрамысловыя комплексы для вырошчвання і перапрацоўвання сельскагаспадарчай прадукцыі. А ўжо цяпер Менск распачаў на тэрыторыі Венесуэлы будаўніцтва 7 тыс. дамоў для малазабяспечаных сем’яў. У абмен Венесуэла з 2011 да 2013 г. абяцае паставіць 220 млн. барэляў нафты.

Эканаміст Ігар Пеліпась мяркуе, што такі бартэр – нядрэнны спосаб для Беларусі разгрузіць склады і зэканоміць грошы. “Але гэтым урад паказвае ўсёй краіне і замежным партнёрам, што рэальных грошай, якімі трэба разлічвацца за тавар, у краіне недастаткова. Ёсць грузавікі ды трактары, якія застаяліся на складах, бо Расея зменшыла заяўкі. Такая ж сітуацыя склалася і з малаком. З мінулага года Масква робіць усё магчымае, каб зменшыць пастаўкі беларускай прадукцыі”, – адзначыў эксперт.

belsat.eu

Стужка навінаў