Мацкевіч: Сёння не час для пратэстаў


Пра памылкі арганізатараў Народных сходаў разважае часовы кіраўнік Каардынацыйнага камітэту Нацыянальнай платформы грамадзянскай супольнасці Уладзімір Мацкевіч.

Паводле суразмоўцы, 12 лістапада Народны сход не адбыўся, хоць у сталіцы на яго прыйшлі каля 50 чалавек, некалькі дзясяткаў сабраліся ў іншых гарадах. Адказнымі ён называе не толькі рэжым і ўладу. Ёсць і ўскосныя вінаватыя: тыя, хто, маючы добрыя намеры, карыстаецца з недакладных метадаў і сродкаў дасягнення пастаўленых мэтаў. “Арганізатары сходу, у тым ліку Віктар Івашкевіч, зрабілі памылку, не ўлічыўшы сацыяльных, палітычных зменаў, зменаў у свядомасці грамадства”, – выказаў сваю думку Уладзімір Мацкевіч.

“Сёння вырашальная сіла – буйны сярэдні клас, а не пралетарыят 1990-х”, – сцвярджае эксперт. Але гэтыя людзі, паводле яго, выйдуць на вуліцы толькі пасля дакладных разважанняў, крытыкі, толькі з увагі на сур’ёзныя прычыны.

“Пасля 19 снежня ў краіне ўведзенае надзвычайнае становішча, а наданне генеральскіх чыноў губернатарам сведчыць пра пераход да ваеннага становішча“. Мацкевіч мяркуе, што правядзенне апазіцыйных акцыяў дае ўладам магчымасць падтрымання ў боегатоўнасці сілавых структураў – і гэтак не дае рэжыму заснуць. Таму такія акцыі ёсць “падыгрываннем рэжыму”.

Змянілася пазіцыя палітычных лідараў, гаворыць палітолаг. Яны ўдзельнічаюць толькі ў акцыях, якія самі зладзілі, каб не дыскрэдытаваць сябе дачыненнем да няўдалых ініцыятываў. Гэта сведчыць пра жаданне захаваць колішняе права называцца лідарам, а не пра рэальнае лідарства. “Яны проста не дачыняюцца адно з адным. Ну, і з народам”.

Мацкевіч заўважыў, што ўзровень пратэставых настрояў у грамадстве даволі высокі, але ён перамясціўся ў прыватную прастору: мы пратэстуем на кухні, у сем’ях, у прыватных размовах. Правядзенне акцыяў “дае магчымасць выйсці гэтай пары”, гэтак змяншаючы патэнцыйную энергію пратэсту. “Сёння не час для пратэстаў. Сёння час для шчыльнай камунікацыі, аб’яднання ўсіх розных […] грамадзянаў, што пратэстуюць”.

belsat.eu

Стужка навінаў