Леанід Заіка: Беларусь чакае наменклатурны пераварот


“Пуцін прыйдзе да ўлады і будзе выціскаць Лукашэнку, як гэта ўмеюць рабіць афіцэры КДБ”, – гаворыць эканаміст Леанід Заіка.

Малая папулярнасць Народных сходаў (апошні адбыўся 11 лістапада, у Менску на яго прыйшлі каля 50 чалавек) сведчыць пра тое, што кіраўнік Беларусі наўрад ці будзе ссунуты ў выніку масавых пратэстаў.

Дэвальвацыя прывяла людзей у шок, першая рэакцыя на які – спроба выжыць і трымацца за сваю сям’ю: “Увесь канфлікт сыходзіць на ўзровень хатняй гаспадаркі”. Таму ні ўвосень, ні ўвесну шырокіх пратэстаў чакаць не варта, мяркуе эксперт.

“Беларусь – не Польшча і не Грузія. Улада будзе змяняцца праз механізмы наменклатуры. І наменклатура гэта ўжо прадумвае, разглядае”, – гаворыць эксперт. Нельга адмаўляць, што пратэставыя настроі сярод насельніцтва існуюць. Іх можа выкарыстаць наменклатура, і не без дапамогі Крамля, заўважае Леанід Заіка.

Ён мяркуе, што Крэмль рыхтуе новую пасаду для Лукашэнкі – у структурах Еўразійскага саюзу. “На сённяшні дзень Еўразійскі саюз – гэта апошні шанец Крамля стварыць нейкае больш-менш выразнае ўтварэнне на постсавецкай прасторы”. Пасля таго, як на прэзідэнцкіх выбарах у Расеі пераможа Уладзімір Пуцін, ён “будзе выціскаць Лукашэнку, як гэта ўмеюць рабіць афіцэры КДБ”, – мяркуе Леанід Заіка.

Паводле суразмоўцы, цалкам мажліва, што пасада ў наднацыянальных органах задаволіць Аляксандра Лукашэнку. Пасля перавароту Беларусь чакае прыватызацыя, да якой расейскі капітал ужо гатовы.

belsat.eu

Стужка навінаў