Дольнікі гандлёвага цэнтру «Славянскі» пагражаюць мітынгам


Сітуацыя з зацягнутым будаўніцтвам гандлёвага цэнтру «Славянскі» на вуліцы Няміга ў Менску змушае беларускіх дольнікаў думаць аб правядзенні мітынгу. Пра гэта заявіў старшыня рады рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Перспектыва» Анатоль Шумчанка.

Гаворка ідзе пра даўгабуд ў цэнтры Менску, гандлёвы аб’ект, узвядзенне якога ажно з 2001 г. вядзе камерцыйнае прадпрыемства ТДА «Паркінг». Доўгі час беларускія прадпрымальнікі ўкладалі грошы ў будаўніцтва гэтага аб’екту, аднак, нягледзячы на ўстаноўленыя тэрміны здачы, гандлёвы цэнтр да гэтага часу не гатовы.

«Гэтая сітуацыя робіцца прэцэдэнтам, – заявіў Шумчанка. – Гаворка ідзе пра ўнутраных фундатараў, беларускіх прадпрымальнікаў, якія ўклалі ў аб’ект свае грошы. Цягам сямі–васьмі гадоў яны не могуць за свае закладзеныя грошы пачаць тут прадпрымальніцкую дзейнасць. Забудоўнік проста дурыць людзям галаву, не можа здаць аб’ект у гістарычнай частцы Менску».

Лідар «Перспектывы» заявіў, што калі «сітуацыя не будзе канструктыўна вырашацца» і «бліжэйшым часам нічога не зрушыцца з месца», то прадпрымальнікі пададуць заяўку на пікет або мітынг, каб «звярнуць увагу грамадскасці».

«Мы рэгулярна атрымліваем адпіскі, – заўважыў Шумчанка. – Характэрна, што практычна няма ніякіх захадаў уздзеяння на забудоўніка, каб паскорыць працэс здачы аб’екту. Мы атрымлівалі адказы адміністрацыі Цэнтральнага раёну гораду, што аб’ект ўвядуць у эксплуатацыю ў 2010 годзе, потым у 2011 годзе, затым у першым, у другім квартале сёлета. У выніку ніякага ўплыву ўлада на забудоўніка не мае. На фоне заяваў Лукашэнкі здаецца, што гэта адзін з праваленых Менгарвыканкамам інвестыцыйных праектаў».

Камітэт дзяржаўнага кантролю, паводле кіраўніка аб’яднаньня прадпрымальнікаў, ужо падымаў гэтую тэму ў 2010 г. «Улады таксама пастаянна давалі даручэнні скончыць аб’ект, але ніякай рэакцыі не было. Такім чынам, трэба, каб праваахоўныя органы праверылі гэтую сітуацыю на прадмет карупцыйных сувязяў», – падкрэсліў Шумчанка.

На нарадзе 29 верасня наконт рэалізацыі ў Менску інвестыцыйных праектаў Лукашэнка раскрытыкаваў сталічныя ўлады за валакіту і бюракратызм у працы з інвестарамі. Ён запатрабаваў цягам кастрычніка ліквідаваць усе хібы і парушэнні ў гэтай сферы, у тым ліку прыняць адпаведныя кадравыя рашэнні ў дачыненні шэрагу вінаватых службовых асобаў.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары