«Планета Лем» у Менску


У менскім Палацы спорту адбылася прэм’ера спектаклю-перформансу «Планета Лем» польскага рэжысёра Паўла Шкотака.

Сюжэт абапіраецца на творы вядомага пісьменніка-фантаста Станіслава Лема. Чалавек з нашага часу трапляе ў будучыню, дзе людзі «тоўстыя і гультаяватыя», а ўсю працу, у тым ліку інтэлектуальную, за іх выконваюць робаты. Герой узнімае бунт, які завяршаецца расчараваннем для ўсіх. Вандроўнік у часе вяртаецца ў сучаснасць, а ягоныя нашчадкі – у залежнасць ад робатаў.

«Нават калі мы кажам пра будучыню, усё адно маем на ўвазе сучаснасць, а менавіта нашы страхі ды перасцярогі. Тут мае месца вечная праблема выбару – свабода ці адказнасць», – адзначыў Павэл Шкотак. На ягоную думку, жыць «падчас панавання высокіх тэхналогіяў» добра, але можна «няправільна скарыстацца GPS і вылецець у кусты – як у простым, так і ў пераносным сэнсе».

Спектакль «Планета Лем» рыхтаваўся год, пры гэтым каля чатырох месяцаў ішлі рэпетыцыі ды стваралася музыка. Бюджэт перформансу, уключаючы гастрольныя выдаткі, склаў 1 млн злотых (310 тыс. долараў ЗША). У спектаклі ўдзельнічаюць 15 чалавек. Самае цяжкае ў інсцэнізацыі, паводле рэжысёра, – паказаць тэхналогіі будучыні, «не маючы галівудскіх спецэфектаў». «Над дэкарацыямі давялося добра папрацаваць, цяпер іх усталяванне займае каля 18 гадзінаў», – адзначыў рэжысёр.

belsat.eu

Стужка навінаў