Лукашэнка падпісаў «драконаўскія» законы


Аляксандр Лукашэнка падпісаў папраўкі ў Закон аб масавых мерапрыемствах і шэраг законаў, якія рэгулююць грамадска-палітычную дзейнасць у краіне.

Абодва дакументы завізаваныя кіраўніком Беларусі 8 лістапада, 11 лістапада – зарэгістраваныя ў Нацыянальным рэестры прававых актаў, паведамляе Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Беларусі.

Палата прадстаўнікоў прыняла законапраекты 3 кастрычніка, у першы ж дзень працы восеньскай сесіі, прычым на закрытым паседжанні ды адразу ў двух чытаннях. У адрозненне ад ніжняй палаты, Савет Рэспублікі абмяркоўваў іх у адкрытым фармаце.

Новы Закон аб масавых мерапрыемствах узмацняе жорсткасць правілаў іх правядзення. Арганізацыя любога збору грамадзянаў мусіць санкцыянавацца ўладамі – гэта тычыцца і флэшмобаў, і збору грамадзянаў, арганізаванага з выкарыстаннем інтэрнэту. Да атрымання дазволу на правядзенне масавай акцыі арганізатары не маюць права абвяшчаць, у тым ліку ў інтэрнэце, пра дату, час і месца яе правядзення. Акрамя таго, арганізатарамі не могуць быць асобы, якія дапусцілі парушэнне парадку правядзення акцыі цягам года з часу накладання адміністратыўнага спагнання.

Папраўкі ў заканадаўстве, якое рэгулюе грамадска-палітычную дзейнасць, уводзяць крымінальную адказнасць за замежнае фінансаванне недзяржаўных арганізацыяў, не ўзгодненае з Адміністрацыяй прэзідэнта. Дакумент забараняе рэспубліканскім і мясцовым грамадскім аб’яднанням, іх саюзам захоўваць грашовыя сродкі, каштоўныя металы ды іншыя каштоўнасці ў банках і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацыях, што месцяцца на тэрыторыі замежных дзяржаваў.

Прыняцце гэтых законаў выклікала вялікі рэзананс у грамадстве. Лідары беларускіх НДА і праваабаронцы ў супольнай заяве заклікалі ўлады адмяніць законапраект.

Паводле іх меркавання, папраўкі ў закон “Аб масавых мерапрыемствах” “парушаюць правы грамадзянаў на мірныя сходы, гарантаваныя як Канстытуцыяй Беларусі, гэтак і базавымі нормамі міжнароднага права, уводзяць адміністратыўную адказнасць грамадзянаў за нявінныя дзеянні і бяздзейнасць”.

Не ўводзіць у дзеянне новыя законы таксама заклікалі афіцыйны Менск прадстаўнікі міжнароднай грамадскасці, у тым ліку Еўразвяз і АБСЕ. Паводле іх меркавання, новаўвядзенні ў заканадаўства яшчэ больш абмяжуюць фундаментальныя правы на свабоду сходаў і асацыяцыяў у Беларусі.

Аднак 28 кастрычніка Канстытуцыйны суд Беларусі, які разгледзеў законапраекты “ў парадку абавязковага папярэдняга кантролю”, прызнаў іх законнымі.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары