Эксперт: З зямельнымі надзеламі будзе тое ж, што з чэкамі “Жыллё”


Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 520 «Аб некаторых мерах удасканалення адносінаў у галіне будаўніцтва, канфіскацыі і давання зямельных надзелаў». Галоўная яго мэта – скараціць колькасць даўгабудаў. Але драконаўскімі метадамі: на завяршэнне будаўніцтва даюць тры гады. Адлік пойдзе з 1 сакавіка 2012 года.

“Сёння ў нас ёсць прадпрымальныя грамадзяне, якія атрымліваюць зямельны надзел, кладуць некалькі шэрагаў блокаў, афармляюць кансервацыю і потым прадаюць надзел з незавершаным будаўніцтвам. Ідзе гандаль дзяржаўнымі зямельнымі надзеламі”, – абураецца кіраўнік Дзяржаўнага камітэту маёмасці Георгій Кузняцоў. Ён прапаноўваў абмежаваць тэрмін будаўніцтва сямю гадамі, прычым апошнія чатыры маглі быць дазволеныя толькі мясцоваю выканаўчаю ўладаю. У выніку ж дакумент прадугледжвае, што на будоўлю будзе давацца тры гады плюс яшчэ два ў крайнім выпадку – на рашэнне райвыканкаму.

“У сферы нерухомасці ёсць падазрэнне, што сітуацыя з даўгабудамі будзе такой самай, як з чэкамі “Жыллё”. То бок над грамадзянамі будзе нібыта вісець пагроза, што дазволены тэрмін вось-вось выйдзе, але дзяржава ў апошні момант будзе яго працягваць. Магчымасць канфіскацыі прадугледжваецца, але яна будзе ўжывацца ў самых скрайніх выпадках. У крызіс было б нелагічным чакаць, што лішнія сродкі на будаўніцтва знойдуцца і ў бедных, і ў багатых”, – разважае эксперт кампаніі “Colliers International” у Беларусі Андрэй Волкаў.

Аналагічны ўказ прымаўся у 2006 г. Праз тры гады яго адмянілі, каб грамадзяне маглі “разлічыць свае фінансавыя магчымасці і спакойна завяршыць будаўніцтва”.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары