На “Фукусіму” пусцілі журналістаў


Гэта адбылося ўпершыню пасля аварыі, найгоршай з часоў Чарнобылю ў свеце.

12 лістапада чыноўнікі прывезлі групу з трыццаці японскіх журналістаў на тэрыторыю АЭС упершыню пасля аварыі рэактараў, у выніку якой адбыўся выкід радыяцыі.

Сістэмы ахалоджвання на станцыі, якая месціцца за 240 км ад Токіа, сталі непрацоўныя з прычыны магутнага цунамі. Сляды аварыі тут можна пабачыць і сёння. Вакол будынку, дзе месцяцца рэактары, засталіся пакарабачаныя грузавікі, сагнутыя металічныя агароджы і вялізныя ёмістасці для вады.

Хоць цягам падарожжа журналісты пераважна заставаліся ў аўтобусе, на якім іх вазілі па тэрыторыі АЭС, а да будынкаў з рэактарам іх і блізка не падпускалі, усе яны мусілі надзець маскі, ахоўныя строі, падвойныя пластыкавыя пальчаткі, адмысловы абутак і сеткі для валасоў.

Дырэктар АЭС у Фукусіме Масао Ёсіда (Masao Yoshida) запэўніў удзельнікаў экскурсіі: падставаў сумнявацца ў тым, што рэактары стабілізаваліся, няма. Камунальным службам станцыі ўладося знізіць тэмпературу трох пашкоджаных рэактараў да бяспечнага ўзроўню. Яны ўпэўненыя, што да канца года здолеюць “спыніць рэактары ў халодным стане” (калі тэмпература стабільна ўтрымліваецца ніжэй за тэмпературу кіпення).

Міністр аховы навакольнага асяроддзя Японіі Госі Хасано (Goshi Hosono), які наведвае “Фукусіму” пасля аварыі ўжо чацвёрты раз, задаволены прагрэсам. Праўда, ён папярэдзіў, што калі “халодны супын” атрымаецца, спатрэбіцца яшчэ трыццаць гадоў, каб дэмантаваць рэактары.

У выніку аварыі на “Фукусіме” 80 тыс. жыхароў эвакуявалі, а зону ў радыусе 20 км абвесцілі неўязной.

belsat.eu
https://youtu.be/L5c2jO6Uyu4

Глядзі таксама
Каментары