Мечыслаў Грыб: Лукашэнка хоча даць зброю незадаволеным


Стварэнне тэрытарыяльных войскаў, пра што заявіў днямі кіраўнік Беларусі, сведчыць пра ягоны недавер да сілавікоў, мяркуе экс-старшыня Вярхоўнага Савету Мечыслаў Грыб. Аднак у той жа час кіраўнік Беларусі не ўсведамляе, што хоча ўзброіць не задаволеных ягоным кіраваннем людзей.

Паводле Мечыслава Грыба, хоць Аляксандр Лукашэнка наўпрост не выказвае недаверу, пра яго сведчаць апошнія заявы. Наш суразмоўца падкрэслівае, што за тэрытарыяльнымі войскамі, паводле жадання кіраўніка краіны, замацуюць стралковае ўзбраенне, з якім пры сённяшніх вайсковых тэхналогіях абараніць краіну ад вонкавага ворага немагчыма: “Тэрытарыяльныя падраздзяленні ствараюцца дзеля забеспячэння ўнутранай стабільнасці, для падтрымання парадку ўнутры краіны”.

Паводле Мечыслава Грыба, тэрытарыяльныя войскі – вельмі небяспечныя, і ўлады гэтага не разумеюць. “Яны будуць складацца з людзей, якія сёння знаходзяцца ў запасе. А гэтыя людзі жывуць у сем’ях, яны бачаць, што адбываецца, яны вельмі востра і балюча рэагуюць на павышэнне цэнаў, і сярод іх вельмі шмат людзей, не задаволеных сённяшняю палітыкай. А калі ў рукі ім даць яшчэ зброю, то я не ведаю, чым гэта можа скончыцца”.

Што ж датычыць Аляксандра Лукашэнкі, дык аддаць загад на ўжыванне зброі супраць мірнай дэманстрацыі ён наўрад ці адважыцца. Аднак калі дэманстранты пойдуць на штурм, ужыванне зброі можна будзе падаць як абарону будынкаў дзяржаўных установаў. А штурм, як вядома, можна справакаваць, гаворыць Мечыслаў Грыб.

belsat.eu

Стужка навінаў