Алесь Лагвінец у «Гарачым каментары»


12 лістапада зноў плануецца правядзенне чарговых народных сходаў. Першы народны сход адбыўся 8 кастрычніка ў шаснаццаці гарадах і сабраў каля 2000 чалавек па ўсёй краіне. Людзі патрабавалі вызваліць палітвязняў, правесці новыя выбары, спыніць рост коштаў, перагледзець індэксацыю заробкаў. Улады далі адпіскі на некаторыя звароты. Заўтра плануецца зачытаць гэтыя адказы ўдзельнікам сходу. Пасля мінулай акцыі каля 20 актывістаў пакаралі штрафамі, шмат каго папярэдзілі. Аднак арганізатары баяцца, што сходы не будуць масавыя.

Палітолаг Алесь Лагвінец прагназуе, што акцыя не будзе паспяховаю і гэтым разам. Эксперт адзначыў, што напярэдадні сходу няма вялікай інфармацыйнай хвалі ні ў інтэрнэце, ні ў друкаваных выданнях.

“Сёння мы бачым, што грамадства стаілася, як карась у вадзе, што спрабуе хавацца ў твань, а не ўсплываць наверх, бо калі ён падымецца, то яго вельмі лёгка зловяць”, – кажа палітолаг.

На ягоную думку, ад шоку, які палітычны рэжым выклікаў ва ўсёй краіны, найбольш пацярпелі самыя верныя выбарцы Аляксандра Лукашэнкі, аднак гэтых людзей вельмі цяжка мабілізаваць на пратэст.

“Гэтыя людзі – савецкія беларусы з не зусім высокім прыбыткам, якія збольшага жывуць не ў буйных гарадах і звычайна працуюць на дзяржаўных прадпрыемствах”, – кажа спадар Лагвінец.

Палітолаг мяркуе, што прычына невялікай папулярнасці народных сходаў таксама ў тым, што іх лідары не могуць разварушыць грамадства.

“Акцыя гераічная – але для абмежаванага кола людзей. Пакуль ідэя народных сходаў не ахапіла масаў. Трэба заўсёды зважаць на свае магчымасці, здольнасці ды стан грамадства. Перш як паклікаць людзей збірацца ў сваім двары, трэба заваяваць давер”, – падкрэсліў эксперт.

На думку палітолага, у Беларусі вельмі няшмат людзей, якія маглі б павесці за сабою грамадства.

“Нашыя людзі – рэалісты. Яны ведаюць, што калі проста сабрацца, гэта нічога не вырашае. Трэба даносіць людзям адказы на вельмі канкрэтныя пытанні: хто вінаваты, што рабіць і хто будзе рабіць. Хто будзе рабіць – пакуль нашае грамадства яшчэ не ведае. Трэба ўвесь час паслядоўна даносіць інфармацыю”, – упэўнены Алесь Лагвінец.

belsat.eu

Стужка навінаў