Беспарадкі ў Варшаве на Дзень незалежнасці


Некалькі тысячаў прадстаўнікоў нацыяналістычных згуртаванняў і футбольных фанатаў збіраліся прайсці маршам па сталіцы Польшчы ў гонар Дня незалежнасці краіны. Як і штогод, сябры польскіх антыфашыстаў і левых арганізацыяў спрабавалі заблакаваць марш пад слоганам “Польшча каляровая незалежная”. Паліцыя скіравала іх на суседнія вуліцы.

Удзельнікі маршу нацыяналістаў спрабавалі прабіцца да сваіх ідэйных праціўнікаў. У бок праваахоўнікаў паляцелі камяні ды петарды. Нягледзячы на папярэднія заявы пра тое, што расісцкія лозунгі гучаць не будуць, удзельнікі маршу пачалі скандаваць: “Cała Polska, cała biała” (“Уся Польшча, уся белая”), а таксама выгукваць абразы на адрас кіраўніцтва краіны.

У цэнтры Варшавы ў некаторых крамах разбітыя вітрыны, падпалілі аўтамабіль польскага тэлеканалу TVN24. Паліцыя была вымушаная ўжыць вадамёты.

Але марш працягваўся, і, мінаючы амбасаду Расеі, нацыяналісты закідалі будынак петардамі.

Паліцыя паведамляе пра некалькі дзясяткаў параненых і больш за 150 затрыманых падчас маршу нацыяналістаў. Сярод ахоўнікаў парадку – 9 параненых.

belsat.eu

Стужка навінаў