258 менскіх жаніхоў і нявестаў абралі 11.11.11 днём шлюбу


Шмат хто з іх загадзя абраў гэты дзень – з разлікам, што незвычайнае спалучэнне лічбаў – 11.11.11 – прынясе шчасце і згоду ў будучую сям’ю.

Дзмітрый і Вікторыя прызналіся, што дня адмыслова не выбіралі – папросту гэтак атрымалася. У перадвясельнай беганіне і падрыхтоўцы было не да таго, і толькі ў апошні момант звярнулі ўвагу на дзень. Але, вядома, шчаслівыя – і вераць, што рэдкая камбінацыя лічбаў прынясе ўдачу.

У перапынку паміж цырымоніямі загадчыца Дому шлюбаў Надзея Равуцкая падзялілася: “Цяпер вельмі спрыяльны час для вяселля – улетку, увосень да 28 лістапада ў нас запісалася на ўрачыстую рэгістрацыю прыкладна вось такая колькасць маладых – 20–25. Можа быць, сёння будзе некалькі параў, якія вераць у магію лічбаў – шчаслівае спалучэнне 11.11.11. Але, з нашых назіранняў, усяго дзве-тры будучыя сям’і падалі заявы менавіта з гэтай прычыны, рэшта ж папросту выбірала зручны час”.

Паводле Равуцкай, самы прыкметны наплыў маладых, якія вераць у магію лічбаў, прыпаў на 7.07.07 – менавіта тады і стала папулярна брацца шлюбам у такія дні. Шмат было і на наступны год – 8.08.08. “Тады гэта было, напэўна, яшчэ з пекінскаю алімпіядаю звязана, – мяркуе яна, – дый Кітай падагрэў інтарэс, прызначыўшы цырымонію адкрыцця гульняў на восем гадзінаў восем хвілінаў. А ў 2009 г. падобны дзень прыпаў на сераду – і былі ў нас толькі адны сужэнцы: Аляксандр Саладуха і ягоная цудоўная жонка. А сёння ў нас тут распісваюцца 24 пары і яшчэ дзве – на выездзе”.

Вольга і Генадзь Жыдзень прызналіся, што перажываюць “рэдкае адчуванне і захапленне, і настрой – дай Бог усім такі!”. “Як я планаваў, – гаворыць Генадзь, – гэтак і выйшла. Заяву падалі дзесьці за тры месяцы, і думка пра гэты дзень была”.

belsat.eu
https://youtu.be/zJQ1Bx66zNM

Глядзі таксама
Каментары