На "Народны сход" у Менску прыйшлі 50 чалавек


На плошчы Бангалор у Менску сабралася каля 50 чалавек, якія чыталі газеты і абмяркоўвалі эканамічны крызіс. Побач з імі – журналісты, міліцыянты і людзі ў цывільным. Прайсці было складана, бо месца правядзення акцыі ачапіў спецназ. Генадзь Фядыніч параіў людзям разысціся, “каб не падстаўляцца”, бо на плошчы шмат прадстаўнікоў спецслужбаў. Удзельнікі наракалі на неналежную арганізацыю і адсутнасць інфармацыі пра сустрэчу, аднак палічылі, што акцыя адбылася.

14:10. Людзі ў Менску пачалі разыходзіцца. Некаторыя выказалі жаданне прыйсці ў офіс арганізатараў “Народнага сходу” у панядзелак, каб паставіць свае подпісы пад заяваю да ўладаў. (У рэзалюцыях удзельнікаў першага сходу ўтрымліваліся наступныя патрабаванні: спыніць рост цэнаў на харчы, тавары першай неабходнасці, паслугі лы медыкаменты; індэксаваць зарплаты, пенсіі, стыпендыі ў адпаведнасці з ростам цэнаў; забяспечыць грамадзянам магчымасць свабодна набываць валюту і вяртаць крэдыты ў беларускіх рублях; адмяніць сістэму кароткачасовых абавязковых кантрактаў; даць магчымасць прадпрымальнікам ствараць новыя працоўныя месцы.)

13:50. Генадзь Фядыніч паведаміў, што з плошчы Бангалор за ім нейкі час ішлі двое невядомых у цывільным, якія затым зніклі. Зараз Фядыніч мае намер ехаць у РУУС, дзе трымаюць Віктара Івашкевіча. Фядыніч таксама зняпраўдзіў інфармацыю пра затрыманне Вінцука Вячоркі. У парку Дружбы народаў па-ранейшаму застаюцца некалькі дзясяткаў удзельнікаў сходу. Яны працягваюць чытаць услых і абмяркоўваць “Народную волю”. Міліцыянтаў стала значна менш.

13:45. На плошчы Бангалор сабраліся каля 50 чалавек, якія чытаюць газеты і абмяркоўваюць эканамічны крызіс. Побач з імі – журналісты, міліцыянты і людзі ў цывільным. Генадзь Фядыніч параіў людзям разысціся, “каб не падстаўляцца”, бо на плошчы шмат прадстаўнікоў спецслужбаў.

13:32. У Гомлі затрымалі Валерыя Сляпухіна – каардынатара грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду!”, аднаго з арганізатараў Народнага сходу ў абласным цэнтры. Ён толькі паспеў падысці да месца сустрэчы, як яго змясцілі ў міліцыйны аўтамабіль. На пляцоўцы каля ДК “Віпра” ўжо амаль нікога не засталося.

13:20. Прэс-сакратар ГУУС Менгарвыканкаму Аляксандр Ластоўскі папярэдзіў прысутных у парку Дружбы народаў аб незаконнасці сходу і прапанаваў ім разысціся. У парку застаюцца прыкладна тры дзясяткі чалавек.
Каля будынку ДК таварыства глухіх “Віпра”, дзе мусіць прайсці сход, прыблізна 70 чалавек. Шмат міліцыі, у дварах стаяць міліцыйныя аўтамабілі і аўтазакі.

13:17. Стала вядома пра затрыманне ў Менску сябры Партыі БНФ Вінцука Вячоркі. Яго затрымалі, калі даваў журналістам інтэрв’ю. Сведкі таксама паведамляюць пра арышт непадалёк ад плошчы Бангалор невядомага маладога чалавека – яго заштурхнулі ў мікрааўтобус без нумароў.

13:15. Чарговыя арышты ў Гомлі. Затрымалі праваабаронцаў Беларускага Хельсінкскага камітэту Віктара Адзіночанку і Мікалая Бянька, сябраў “Маладога фронту” Андрэя Цянюту, апазіцыянера Юрыя Захаранку, актывістку інтэрнэт-супольнасці “Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку” Ксенію Яраслаўцаву і траіх невядомых маладых людзей. На гэты момант на прыпынку грамадскага транспарту каля ДК “Віпра” застаюцца прыблізна 15 чалавек, прыкладна 30 працаўнікоў міліцыі ды журналісты. Міліцыя папярэджвае пра незаконнасць сходу і просіць усіх разысціся.

12:55.
Каля рэстарану ” McDonald’s”, размешчанага непадалёк ад плошчы Бангалор у Менску, арыштавалі аднаго з арганізатараў Народнага сходу Віктара Івашкевіча. Цяпер ён ва УУС Цэнтральнага раёну. Другі арганізатар сходу, Генадзь Фядыніч, цяпер паблізу плошчы. У парку Дружбы народаў сабраліся прыблізна паўтара дзясятка чалавек. Яны размаўляюць з журналістамі, абмяркоўваючы актуальныя праблемы. Міліцыя рэкамендуе мінакам абыходзіць плошчу.

12:50. У Гомлі затрымалі як мінімум пяць чалавек. У іх ліку – старшыню гомельскага абласнога філіялу Беларускай асацыяцыі журналістаў Анатоля Гатоўчыца і актывіста Аб’яднанай грамадзянскай партыі Уладзіміра Няпомняшчых. Да іх падышлі па два працаўнікі міліцыі, без тлумачэння прычынаў заштурхалі ў міліцыйны аўтамабіль і павезлі ў невядомым кірунку. Затрымалі таксама траіх актывістаў інтэрнэт-супольнасці “Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку”: Дзмітрыя Карашкова, Іллю Міронава і Васіля Такарэнку. Хутчэй за ўсё, арыштаваных даставяць ва УУС Чыгуначнага раёну.

12:40. Пляцоўка ў парку Дружбы народаў каля плошчы Бангалор у Менску, дзе мае праходзіць сход, агароджаная металічнымі турнікетамі. Па ўсім парку ходзяць працаўнікі міліцыі ды спецслужбаў у цывільным з рацыямі. Удзельнікаў акцыі пакуль не бачна.

***

«Сходы пройдуць у некалькіх гарадах: Гомлі, Віцебску, Магілёве, Слуцку, – гаварыў напярэдадні сустаршыня аргкамітэту Генадзь Фядыніч. – У Менску людзі будуць збірацца а 13:00 у парку Дружбы народаў. Мы не плануем нейкага мітынгу, проста агучым, якія адказы далі ўлады на патрабаванні першага Народнага сходу».

Даваць прагноз наконт масавасці акцыі Фядыніч не вырашыўся, бо, на ягоную думку, людзі напалоханыя. Тым не менш, альтэрнатывы сходам пакуль няма, адзначае ён.

Ці засталіся ў Беларусі палітыкі, здольныя выводзіць людзей на вуліцы адным сваім імем? «Аднаго імя не дастаткова, – мяркуе палітолаг Валерый Карбалевіч. – Для правядзення паспяховых акцыяў з вялікаю колькасцю ўдзельнікаў павінна быць шмат перадумоваў, якіх цяпер няма». Нават выхад на свабоду і магчымы ўдзел у сходах палітыкаў Андрэя Саннікава і Міколы Статкевіча, на думку Карбалевіча, прынцыпова не змяніў бы паспяховасці акцыі.

Першы Народны сход меўся адбыцца 8 кастрычніка ў Менску ды шэрагу іншых беларускіх гарадоў. Удзельнікі сходаў мусілі сабрацца разам, каб абмеркаваць сацыяльныя, палітычныя ды эканамічныя праблемы краіны, а таксама шляхі іх развязання. Улады назвалі гэтую ініцыятыву незаконнаю. У выніку акцыя адбылася толькі ў Менску, дзе Народны сход сабраў ад 500 да 700 чалавек.

belsat.eu

Стужка навінаў