Да беспрацоўных з’явяцца новыя патрабаванні


Улады Беларусі ўносяць змены ў заканадаўства, што рэгулюе статус беспрацоўных. Так, на меркаванне намесніка старшыні сталай камісіі Палаты прадстаўнікоў у пытаннях працы, сацыяльнай абароны, справах ветэранаў ды інвалідаў Аляксандра Высоцкага, грамадзянаў трэба актыўней матываваць да пошукаў працы. «Паводле нашых назіранняў, вельмі шмат беспрацоўных проста сядзяць на месцы, не шукаюць працы, а атрымліваюць толькі грашовую дапамогу ад дзяржавы. Сітуацыю трэба змяняць», – лічыць ён.

Сёння памер дапамогі па беспрацоўі пачынаецца ад 35 тыс. руб. Максімальна можна атрымаць каля 200 тыс. руб. За гэтыя грошы трэба адпрацаваць два дні на месяц на грамадскіх працах. У аддзеле працаўладкавання Савецкага раёну Менску паведамілі, што ўвосень і ўлетку беспрацоўных прыцягваюць на палявыя працы, прапаноўваюць таксама ўдзельнічаць у прыборцы вуліц, даглядзе жывёлы ў заапарку.

Цэнтры занятасці, якія рэгіструюць беспрацоўных, прапаноўваюць ім некалькі вакансіяў. Звычайна гэта рабочыя спецыяльнасці, найбольш звязаныя з будоўляю. І калі раней беспрацоўны мог доўгі час выбіраць месца працы, то цяпер ён абавязаны будзе з’явіцца на першае патрабаванне працадаўцы.

Юрыст Святлана Шлома кажа: новаўвядзенні прывядуць да таго, што беспрацоўныя яшчэ менш ахвотна будуць станавіцца на ўлік у сацыяльныя службы. «Афіцыйныя лічбы беспрацоўя ў Беларусі таму такія нізкія, што большасць людзей папросту не рэгіструецца. Рэальнай дапамогі яны не адчуваюць, а тыя грошы, якія дзяржава прапаноўвае сёння, не раўназначныя патрабаванням хадзіць на грамадскія працы», – мяркуе эксперт. У Беларусі па-ранейшаму востра стаіць праблема схаванага беспрацоўя, калі людзі не маюць сталай працы і час ад часу атрымліваюць нелегальныя заробкі. З пагаршэннем эканамічнай сітуацыі колькасць шэрых заробкаў будзе ўзрастаць, упэўненыя незалежныя эксперты.

У новым праекце закону таксама прадугледжваюцца змены ў дачыненні хворых на алкагалізм і наркаманію. Так, на думку чыноўнікаў, людзей, што прайшлі лячэнне ў лячэбна-прафілактычнай установе, трэба прызнаць няздольнымі канкураваць на агульных умовах, а таму прымаць іх на працу згодна з асобнымі правіламі. Ужо цяпер сацыяльныя службы абавязваюць прадпрыемствы прымаць пэўную колькасць алкаголікаў, незалежна ад жадання працадаўцы.

Разам з тым, грашовую дапамогу беспрацоўным абяцаюць павысіць – да 8 баз. вел. (на сёння – 280 тыс. руб.).

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары