Базавая інфляцыя склала 101,5 %. Беларусы вінавацяць сябе


Базавая інфляцыя не ўлічвае коштаў на тавары і паслугі, што рэгулююцца дзяржаваю, а таксама на тавары сезоннага характару.

За 10 месяцаў сёлета яна склала 101,5 %, паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт. «Базавы індэкс спажывецкіх цэнаў у кастрычніку 2011 г. у параўнанні з вераснем 2011 г. склаў 108,3 %, са снежнем 2010 г. – 201,5 %», – гаворыцца ў паведамленні Белстату.

Паводле росту спажывецкіх цэнаў Беларусь апярэдзіла ўсе краіны СНД і Еўропы: з пачатку года прадукты падаражэлі на 88,7 % (у кастрычніку на 8,2 %).

Хто вінаваты ў эканамічным крызісе, у якім апынулася краіна? Гэтае пытанне карэспандэнты «Белсату» задалі жыхарам сталіцы.

УДЗЕЛЬНІКІ АПЫТАННЯ:

«Усе адразу, і самы галоўны кіраўнік. Народ таксама вінаваты, бо прывыклі жыць, не надта адпрацоўваючы свой заробак. Не глядзелі наперад, жылі сённяшнім днём. Рэформы трэба было праводзіць эканамічныя, калі гэта рабілі ўсе суседнія краіны. Яны пераступілі праз гэта і далей развіваюцца, а мы адкаціліся назад».

«Пакараць няма каго. З каго спытаць? Ніхто ж не вінаваты, што долар вырас. Прычым тут Лукашэнка, гэта ж не ад яго залежыць. Так атрымалася, ува ўсіх жа быў крызіс».

«За эканамічную сітуацыю ў краіне адказвае ўрад. Урад прызначае прэзідэнт. Ён некалі, калі яго толькі абралі, у 1994 годзе, сказаў, што ён адказвае за ўсё».

«Усе. Працаваць не хочуць, хочуць добра жыць толькі. […] Моладзь уся або гандлюе, або яшчэ нечым займаецца – у офісах сядзіць… Дык адкуль што будзе брацца? А прычым тут прэзідэнт? Што, прэзідэнт за ўсіх будзе працаваць?»

«Мы адстаем на 50 гадоў ад Еўропы. Праз 50 гадоў мы будзем жыць, як у Еўропе. Трэба прайсці ўсе этапы. Сёння не будзе таго, што яны стваралі гадамі».

«Калі б прэзідэнт слухаў сваіх памочнікаў, а не рабіў бы так, як ён лічыць, думаю, і гэтай бы сітуацыі не было».

belsat.eu

Стужка навінаў