Валер Карбалевіч: Лукашэнка зноў шукаў «ахвярнага казла»


Чаму Лукашэнка нечакана скрытыкаваў прэм’ер-міністра, якога сам і прызначыў? Ці азначае гэта хуткую адстаўку Мясніковіча, і што насамрэч сталася прычынаю рэзкіх выказванняў?

Паводле палітолага Валера Карбалевіча, Аляксандр Лукашэнка доўгі час выкарыстоўвае мадэль «цар добры, баяры – дрэнныя», маўляў, ува ўсіх бедах у краіне вінаватыя то чыноўнікі, то мясцовыя кіраўнікі, то дырэктары буйных прадпрыемстваў. Абвінавачанні таксама перыядычна гучаць то ў бок краінаў Захаду, то на адрас беларускай апазіцыі. «Спіхнуць з сябе віну на некага, знайсці «ахвярнага казла». Галоўным ворагам было чынавенства, і гэтая мадэль працавала, – гаворыць Валер Карбалевіч. – Але з пачатку крызісу апытанні паказваюць, што насельніцтва цяпер бачыць галоўным віноўнікам самога кіраўніка дзяржавы».

«Калі вы не згодныя з тым, што я кажу, давайце ўсіх вас перавядзем на жыццёвыя апоры, тыя рэйкі, па якіх рухаецца сёння небагатая частка насельніцтва – а ў нас гэта большасць насельніцтва. Паспрабуйце вы пажыць у гэтых умовах! Вось тады вы, мабыць, зразумееце, што такое чысты рынак і як мы ў гэтай сітуацыі павінны дзеяць. У мяне ўсё больш і больш з’яўляецца ў галаве такая шалёная думка», – заявіў Аляксандр Лукашэнка 10 лістапада на адрас ураду пад кіраўніцтвам Мясніковіча.

Валер Карбалевіч мяркуе, што Лукашэнку таксама не спадабаліся планы ўраду Мясніковіча на наступны год – жорсткая эканомія, замарожванне пенсіяў і заробкаў, а таксама выдаткавання грошаў на дзяржаўныя прадпрыемствы. «Гэта ёсць у пэўным сэнсе дэмантаж той сацыяльнай мадэлі, якая існавала ў Беларусі апошнія 17 гадоў. Зразумела, што Лукашэнку гэта не падабаецца, і ён выказаў гэтае незадавальненне з рынкавых прапановаў».

«Ці пойдзе гэтае незадавальненне далей, ці гэта толькі рыторыка? Ці сапраўды Лукашэнка адмовіцца ад прапановаў ураду і Нацбанку? Часта бывае так, што словы – гэта адно, а рэальная палітыка – гэта іншае», – дадаў палітолаг.

belsat.eu
https://youtu.be/Jx7hFPpguJ4

Глядзі таксама
Каментары