Лукашэнку «ўсё больш насцярожвае» праца ўраду


«Мяне апошнім часам усё больш і больш насцярожвае праца нашага ўраду, – цытуе Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА. – Я не хачу даваць нейкіх ацэнак, скажу толькі адно, што вы значна саступаеце папярэдняму ўраду».

«Цяганіна нейкая лішняя, узгадненне, боязь прыняцця рашэнняў – гэта яшчэ паўбяды. Але апошнія прапановы (не ведаю, хто выступае іх ідэолагам) ідуць насуперак з тымі рашэннямі, якія вызначыў Усебеларускі народны сход. А гэта ўжо недапушчальна», – канкрэтызаваў Лукашэнка свае прэтэнзіі.

«Калі вы не згодныя з тым, што я кажу, давайце ўсіх вас перавядзем на жыццёвыя апоры, тыя рэйкі, па якіх рухаецца сёння небагатая частка насельніцтва – а ў нас гэта большасць насельніцтва. Паспрабуйце вы пажыць у гэтых умовах! Вось тады вы, мабыць, зразумееце, што такое чысты рынак і як мы ў гэтай сітуацыі павінны дзеяць. У мяне ўсё больш і больш з’яўляецца ў галаве такая шалёная думка», – дадаў кіраўнік дзяржавы.

Паводле Лукашэнкі, ён атрымаў шматлікія даклады наконт апошняга паседжання ўраду пад кіраўніцтвам Мясніковіча. «Мяне ўжо пяты чалавек праінфармаваў, як вы яго правялі. Я думаю, мы цяпер прааналізуем у адміністрацыі ўсю вашу працу, публічную, не публічную, і потым дамо вам ацэнку», – заявіў кіраўнік Беларусі.

Нагадаем, 8 лістапада Савет Міністраў абмяркоўваў макраэканамічны прагноз на 2012 г. Памочнік прэзідэнта Сяргей Ткачоў паспрабаваў крытыкаваць урад за высокую інфляцыю, якая, нягледзячы на прынятыя захады, не зніжаецца. Пасля гэтага намеснік міністра эканомікі Аляксандр Ярашэнка патлумачыў, што інфляцыя носіць інерцыйны характар і звязаная з эмісійнаю палітыкаю, якая праводзілася раней. У выпадку працягу такой палітыкі, падкрэсліў ён, далейшая дэвальвацыя нацыянальнай валюты і рост коштаў працягнуцца, абменны курс можа дасягнуць 22 тыс. бел. руб. за даляр. Міністэрства эканомікі прапанавала скараціць у разы эмісійнае фінансаванне дзяржаўных праграмаў.

Намесніка міністра эканомікі падтрымаў Міхаіл Мясніковіч. «Вы павінны выдатна разумець, што ў нас сышліся чатыры праблемы, – заявіў прэм’ер, звяртаючыся да памочніка прэзідэнта. – Гэта дэфіцыт бюджэту, дэфіцыт плацежнага балансу, нерэальны абменны курс і адсутнасць рэальных крыніцаў фінансавання жытла ды іншых дзяржпраграмаў».

belsat.eu

Стужка навінаў