Чацвёрты дзень суда над Алесем Бяляцкім: новае абвінавачванне? (Абноўлена)


Аднавіўся працэс над праваабаронцам Алесем Бяляцкім. Сённяшняе пасяджэнне пачалося з таго, што пракурор зачытаў дакументы з падатковай інспекцыі – дэкларацыі аб прыбытках Бяляцкага.

Справу Бяляцкага разглядае суд Першамайскага раёну сталіцы, але працэс праходзіць у будынку суда Маскоўскага раёну, дзе больш ёмістыя залы. Вядзе працэс суддзя Сяргей Бандарэнка. Пракурор – Уладзімір Сайкоўскі. За працэсам, які пачаўся 2 лістапада, назіраюць праваабаронцы і замежныя дыпламаты.

Суд таксама разгледзеў акты мытнага дагляду Бяляцкага, складзеныя пры перасячэнні праваабаронцам дзяржаўнай мяжы ў 2010 г. Парушэнняў у іх не выяўлена. Акты за 2007–2009 гг. ужо знішчаныя ў адпаведнасці з заканадаўствам.

Падсудны заявіў, што дома ў яго ёсць копіі знішчаных актаў. «Выпусціце мяне пад падпіску, і я вам заўтра іх прынясу», – сказаў Бяляцкі.

Пракурор заявіў хадайніцтва аб далучэнні да матэрыялаў справы раздруковак з праваабарончага сайту www.spring96.org – хадайніцтваў аб вызваленні Бяляцкага, заяваў праваабаронцаў і розных арганізацыяў, а таксама інфармацыі пра спыненне дзеяння дамовы аб прававой дапамозе паміж Літвою і Беларуссю. На думку пракурора, усё гэта даказвае сапраўднасць раздруковак з банкаўскіх рахункаў Бяляцкага. Суд гэтае хадайніцтва задаволіў.

На хадайніцтва адваката Дзмітрыя Лаеўскага суд далучыў да справы ліст Міністэрства юстыцыі Літвы да Міністэрства юстыцыі Беларусі, у якім гаворыцца, што звесткі пра рахункі Бяляцкага, раней перададзеныя ў Менск літоўскім бокам, ёсць несапраўднымі.

Шэраг арганізацыяў, якія пералічвалі грошы на рахункі Бяляцкага, пісьмова пацвердзілі, што сродкі прызначаліся на праваабарончую дзейнасць. Гэтыя сродкі не былі прыбыткам Бяляцкага, бо ён за іх зрабіў справаздачу. У арганізацыяў-донараў прэтэнзіяў да праваабаронцы няма.

Пракурор папрасіў суд абвесціць перапынак у звязку з тым, што ён мае намер выставіць Бяляцкаму новае абвінавачванне, якое будзе істотна адрознівацца ад цяперашняга. Суд гэтае хадайніцтва задаволіў.

У працэсе абвешчаны перапынак да 10:00 16 лістапада.

Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўнік зачыненага беларускімі ўладамі праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі, абвінавачваецца паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу («Утойванне прыбыткаў у асабліва буйным памеры»). Яму пагражае пазбаўленне волі на тэрмін да сямі гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

Падставаю для крымінальнага пераследу праваабаронцы сталася інфармацыя пра ягоныя рахункі ў замежных банках, перададзеная ўладам Беларусі Міністэрствам юстыцыі Літвы і Генеральнаю пракуратураю Польшчы ў межах дамоваў аб прававой дапамозе. Праваабаронца ўтрымліваецца пад арыштам з 4 жніўня.

Бяляцкі сваёй віны не прызнае і заяўляе, што яго пераследуюць за праваабарончую дзейнасць. Паводле падсуднага, замежныя рахункі ён вымушаны быў адкрыць пасля таго, як улады Беларусі зачынілі праваабарончы цэнтр «Вясна». Сродкі, што траплялі на рахункі ад замежных спонсараў, выдаткоўваліся на аказанне дапамогі грамадзянам нашай краіны, чые правы былі парушаныя, а таксама для выдання інфармацыйнай прававой літаратуры і правядзення семінараў.

belsat.eu

Стужка навінаў